Акцыю пратэсту “Гадзіна маўчаньня” супраць прыняцьця Палатай прадстаўнікоў у другім чытаньні закону “Аб сродках масавай інфармацыі” сёньня правёў шэраг беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў. З заклікам да акцыі выступіла Беларуская асацыяцыя журналістаў, на думку якой законапраект ухвалены з мэтай абмежаваць свабоду слова ў беларускай інтэрнэт-прасторы.
Знак акцыі “Гадзіна маўчання” — чорны квадрат — зьявіўся на сайтах “Нашай Нівы”, “Хартыі-97”, “Беларускага партызана”, Эўрапейскага радыё для Беларусі, Радыё Свабода і шэрагу іншых інтэрнэт-рэсурсаў, адрасаваных беларускай аўдыторыі. БАЖ заклікаў усіх, хто неабыякавы да праблем доступу да інфармацыі і яе распаўсюду, 25 чэрвеня зьмясьціць на сваіх інтэрнэт-рэсурсах чорныя банэры — як сымбаль пахаванай у Авальнай залі свабоды слова. А таксама не абнаўляць сайты, не рабіць запісаў у блогах цягам адной гадзіны. Першыя вынікі акцыі падводзіць прадстаўніца БАЖ Вольга Бабак:
“Я менавіта зараз займаюся падлікам інтэрнэт-сайтаў, якія нас падтрымалі. Атрымліваюцца дзясяткі. Часам гэта былі проста разьмешчаныя банэры і інфармацыйнае паведамленьне, часам людзі дэкляравалі, што яны падтрымліваюць акцыю і не абнаўляліся на працягу гадзіны. Такім чынам, у тым ці іншым выглядзе акцыя знайшла вельмі шырокае асьвятленьне — на ўсіх буйных парталах і ў некаторых замежных СМІ”.
Вольга Бабак мяркуе, што беларуская інтэрнэт-супольнасьць выявіла сапраўдную салідарнасьць перад пагрозай абмежаваньня свабоды інтэрнэту і выказала пратэст супраць тэрміновага прыняцьця закону “Аб СМІ” без правядзеньня грамадзкіх слуханьняў і абяцанай уладамі міжнароднай экспэртызы праекту.
Цяпер БАЖ рыхтуе іншыя акцыі пратэсту супраць найбольш рэпрэсіўных палажэньняў закону.
Рэдактарка сайту “Хартыя-97”, які падтрымаў акцыю “Гадзіна маўчаньня”, Натальля Радзіна перакананая, што пагроза свабодзе інтэрнэту ў Беларусі рэальная:
“Кантроль над інтэрнэтам выклікае вялікі непакой: што гэта будзе, як улады будуць яго кантраляваць? Яны могуць заблякаваць наш сайт у Беларусі, яны могуць выкарыстоўваць нейкія тэхналёгіі, тыя ж кітайскія фільтры, пра якія шмат пісалася, што ўлады іх закупілі. Яны могуць затрымліваць і прыцягваць да адказнасьці журналістаў і рэдактараў сайту”.
На думку Натальлі Радзінай, закон прыняты менавіта для таго, каб узмацніць рэпрэсіі супраць вольнага слова.
“Патрэбныя больш актыўныя дзеяньні. Я ведаю, што ў Радзе Эўропы будуць абмяркоўваць гэты законапраект, што журналісты зьбіраюцца абскарджваць гэты праект у некаторых уладных структурах. Але патрэбныя, можа, акцыі саміх журналістаў? Можа, ім трэба выходзіць на вуліцы, пратэставаць? Мы павінны сябе абараняць больш актыўна”.
БАЖ настойвае на грамадзкім абмеркаваньні закону аб СМІ і накіраваньні яго на экспэртызу ў Вэнэцыянскую камісію Рады Эўропы.
Да найбольш рэпрэсіўных палажэньняў праекту экспэрты БАЖ адносяць:
— рэгістрацыю інтэрнэт-выданняў і кантроль над інтэрнэтам з боку пракуратуры і Міністэрства інфармацыі;
— перарэгістрацыю ўсіх мэдыяў пасьля ўступленьня закону ў сілу;
— пашырэньне магчымасьцяў закрыцьця СМІ ўладамі;
— павялічэньне ціску на незалежных журналістаў і карэспандэнтаў замежных мэдыяў.