Актывісты антыядзернай групы атрымалі адказ беларускага ўраду на калектыўны зварот аб скасаваньні пастановы пра будаўніцтва ў Горацкім раёне атамнай электрастанцыі. Пад зваротам падпісалася тысяча жыхароў Горак.
У адказе на зварот жыхароў Горак даводзіцца, што рашэньне пра будаўніцтва АЭС адпавядае зацьверджанай летась у верасьні канцэпцыі энэргетычнай бясьпекі Беларусі.
Будаўніцтва атамнай электрастанцыі, гаворыцца ў адказе першага намесьніка прэм’ер-міністра Ўладзімера Сямашкі, дазволіць зьменшыць залежнасьць краіны ад паставак энэрганосьбітаў з Расеі. Урадоўцы гарантуюць, што беларуская атамная электрастанцыя будзе адпавядаць найноўшым патрабаваньням бясьпекі.
Актывісты антыядзернай групы, аднак, вырашылі не спыняць сваё змаганьне.
“Канцэпцыю энэргетычнай бясьпекі прынялі без грамадзкага абмеркаваньня, якое абяцаў калісьці спадар Лукашэнка. Рашэньне пра будаўніцтва АЭС павінна прымаць ня толькі вузкая група людзей, якая апынулася пры ўладзе, але й ўсё грамадзтва пасьля шырокага і аб’ектыўнага абмеркаваньня”, – лічыць актывіст групы Эдуард Брокараў.
Калі людзі адмаўляюцца падпісацца пад зваротам, гэта яшчэ не азначае, што яны за будаўніцтва станцыі.
Чыноўнікі падмацоўваць свае довады вынікамі сацыялягічнага апытаньня, праведзенага Інстытутам сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук. Паводле яго, будаўніцтву АЭС кажуць “так” больш за 54 працэнты жыхароў Беларусі, супраць – толькі 23 працэнты. Што да Магілёўшчыны, дык тут за АЭС выступаюць яшчэ больш – 62 працэнты жыхароў. У параўнаньні з 2005 годам колькасьць прыхільнікаў будаўніцтва АЭС, паводле гэтай інфармацыі, узрасло ўдвая.
Эдуард Брокараў вынікі сацыялягічнага апытаньня называе неаб’ктыўнымі. Ён заяўляе: насамрэч больш за пяцьдзесят працэнтаў жыхароў вобласьці супраць АЭС:
“Калі людзі адмаўляюцца падпісацца пад зваротам, гэта яшчэ не азначае, што яны за будаўніцтва станцыі. Многія кажуць: “Даражэнькія, я б падпісаўся, але я ў пагонах, я на кантракце і баюся, калі падпішу, а нехта з маіх начальнікаў даведацца, то мяне пагоняць з працы”.
Зварот да ўраду Беларусі актывісты антыядзернай групы перадалі праз дэпутатку палаты прадстаўнікоў Тацяну Асмалоўскую.
Дэпутатка кажа, што жыхары Горак з разуменьнем ставяцца да будаўніцтва ў раёне атамнай электрастанцыі:
“У цэлым для рэгіёну яны лічаць, што небясьпекі ня будзе, бо ўсё адно на тэрыторыі Беларусі атамную электрастанцыю будаваць будуць. Яны разумеюць: альтэрнатывы няма. Гаворка можа весьціся толькі сапраўды пра меры бясьпекі ды пра тое, каб рэактары былі апошняга пакаленьня”.
Усё адно на тэрыторыі Беларусі атамную электрастанцыю будаваць будуць
Пакуль невядома, хто будзе будаваць у Беларусі АЭС, і якія дзеля гэтага будуць скарыстаныя тэхналёгіі. Аднак прасочваецца інфармацыя: кантракт заключаць з Расеяй.
Лідэр незарэгістраванага руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч занепакоены магчымым удзелам расейцаў у будаўніцтве беларускай АЭС. Ён заяўляе, што восеньню пачне кампанію збору подпісаў супраць будаўніцтва ў Беларусі АЭС:
“Тэхналёгіі важныя, бо ёсьць больш сучасныя. Расейскія да такіх не належаць. Калі мы кажам, што адно з галоўных абгрунтаваньняў зрабіць Беларусь менш энэргетычна залежнай, і калі пры гэтым будуем расейскую атамную станцыю – дык ці зьменшаем мы гэтую залежнасьць? Я ўвогуле лічу, што ў аўтарытарных краінах будаўніцтва атамных станцыяў вельмі небясьпечнае. Мусіць быць дэмакратычны край, шырокае абмеркаваньне й рэфэрэндум. Улада гэтага ня робіць, і гэта галоўная прычына чаму я супраць”
Паводле старшыні Прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіла Мясьніковіча, Беларускую атамную электрастанцыю зьбіраюцца будаваць у Горацкім раёне, паблізу вёскі Кукшынава. Яна знаходзіцца за 50 кілямэтраў ад Магілёву, за 14 — ад Горак і за 33 кілямэтры ад Шклову. Да беларуска-расейскай мяжы — 30 кілямэтраў.
Паводле Мясьніковіча, ніякіх фактараў, якія маглі б перашкодзіць будаўніцтву АЭС, на Кукшынаўскай пляцоўцы, не існуе.
Подпісы супраць будаўніцтва АЭС пачалі зьбіраць у Горацкім раёне летась у сьнежні. За час кампаніі актывістам антыядзернай групы ўдалося сабраць дзьве тысячы пяцьсот дваццаць подпісаў.
Тым часам Палата прадстаўнікоў учора прыняла ў другім чытаньні закон “Аб выкарыстаньні атамнай энэргіі”. Як паведаміў у сваім выступе дэпутат Яўген Казімірчык, заўвагаў і прапановаў пасьля першага чытаньня законапраекту не паступала.