"Байкот у гэтых умовах зьдзейсьніць значна цяжэй"

Сваю думку адносна таго, ці варта апазыцыі ўдзельнічаць у толькі што прызначаных парлямэнцкіх выбарах, выказваюць рэгіянальныя лідэры палітычных партый.

Юры Істомін ад пачатку стварэньня гарадзенскай абласной арганізацыі Аб’яднанай дэмакратычнай партыі выступае яе лідэрам. Удзельнічае ва ўсіх палітычных кампаніях, сам неаднаразова вылучаўся кандыдатам у дэпутаты. Вось што ён кажа наконт гэтага:

Істомін: “АГП будзе ўдзельнічаць у гэтай выбарчай кампаніі, паколькі гэта адзіная рэальная магчымасьць афіцыйна працаваць з электаратам, данесьці да яго нашу думку, нашы мэты й задачы. І першае, што мы павінны зрабіць, — гэта добрую інфармацыйную кампанію ўлётачную, прадставіць пазыцыю АДС па ўсіх пытаньнях, якія зараз хвалююць беларусаў. Па-другое, адсачыць хаду выбараў і зафіксаваць парушэньні заканадаўства”.

Карэспандэнт: “Ці разглядаюцца вамі варыянты байкоту выбараў?”

Істомін: “Я лічу, што ўсё ж варта ўдзельнічаць, паколькі байкот 2000 году выбіў з-пад нас электаральную глебу на некалькі гадоў. Гэта была вялікая памылка. Байкот у гэтых умовах зьдзейсьніць значна цяжэй, чым удзельнічаць у выбарах”.

Сяргей Мальчык — лідэр гарадзенскай абласной структуры партыі БНФ “Адраджэньне”. У дэмакратычным руху — ад пачатку яго ўтварэньня. На гэтых выбарах сваю кандыдатуру не выстаўляе, але зьбіраецца браць актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі.

Мальчык: “Адна зь неабходных умоў для дзеяньня любой палітычнай структуры — гэта ўдзел у выбарчай кампаніі, паколькі яна мабілізуе людзей, прымушае партыйцаў працаваць канкрэтна й актыўна, дазваляе наладжваць кантакты з выбаршчыкамі, а значыцца — і мець аўтарытэт сярод насельніцтва. Вопыт паказаў яшчэ ў папярэдніх кампаніях, што ў тых гарадах, мястэчках, вёсках, дзе партыйныя структуры ў тых ці іншых фарматах удзельнічалі ў выбарчых кампаніях, там структуры захаваліся дагэтуль, яны актыўныя й разьвіваюцца”.

Карэспандэнт: “Ці разглядаюцца вамі варыянты байкоту выбараў?”

Мальчык: “У цяперашніх умовах байкот можа быць эфэктыўным толькі ў адным выпадку: калі электарат яго падтрымае. Да прыкладу, падтрымае наш заклік і ня будзе ўдзельнічаць у выбарах. І гэта пры ўмове, што падлік галасоў адбудзецца аб'ектыўна. Пры цяперашняй сыстэме падліку галасоў, калі яны ня лічацца, а ў пратаколы запісваюцца дасланыя зьверху лічбы, байкот выбараў ня будзе мець эфэкту”.

Наступнаму суразмоўцу, Ігару Маслоўскаму зь Берасьця — 38 гадоў. Ён працаваў выкладчыкам унівэрсытэту ў Берасьці. У палітыцы ад 2001 году, цяпер кіруе абласной арганізацыяй партыі БСДП (Грамада). Зьбіраецца балятавацца ў Берасьцейскай выбарчай акрузе № 3:

“У нас ёсьць напрацоўкі. Мы там праводзілі дзясяткі самых розных акцыяў. Абаранялі тутэйшых жыхароў, канкрэтна іх правы. Друкавалі ўлёткі, распаўсюджвалі бюлетэні і газэты. Таму пэўная аснова ў нас заснавана і, фактычна, наша кампанія пачалася задоўга да таго, як абвясьцілі дату выбараў”.

У Магілёве ад Эўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь” будзе вылучацца кандыдатам у дэпутаты Мікалай Расевіч. Яму 52 гады, працуе мулярам на будоўлі. На мінулых выбарах у мясцовыя саветы набраў найбольш галасоў з усіх кандыдатаў ад апазыцыі на Магілёўшчыне. Мікалай Расюк лічыць галоўным прадухіліць фальшаваньне на выбарах:

“Я накірую лісты ў пракуратуру, каб папярэдзіць фальшаваньне. Таксама вышлю дакумэнты па мясцовых выбарах. Яны — доказы таго, што не спрацавала пракуратура. У дакумэнтах дакладна бачныя парушэньні выбарчага заканадаўства. Так што загадзя зраблю ўсё, каб прадухіліць фальшаваньне на выбарах”.