“Удзел у фарсе, які арганізуе рэжым — гэта ёсьць дапамогай. Удзел апазыцыйных сілаў у выбарчым фарсе — вельмі важны крок у накірунку да легітымізацыі палаты прадстаўнікоў”, — кажа намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі.
КХП-БНФ байкатуе выбары ў Палату прадстаўнікоў.
“Людзі, якія часам называюць сябе апазыцыянэрамі, будуць дапамагаць рэалізоўваць гэты плян. Яны пасьлядоўна працуюць на ўсіх кампаніях, якія абвяшчае рэжым. Яны будуць вылучаць сваіх кандыдатаў і заклікаць людзей прыйсьці на гэтак званыя выбары”, — крытыкуе спадар Беленькі ўдзельнікаў выбарчай кампаніі.
“Спадар Лукашэнка, выступаючы з пасланьнем, заявіў: нам трэба легалізаваць палату прадстаўнікоў, Значыць ёсьць дастаткова вострая патрэба, каб надаць статус легітымнасьці гэтаму органу ўлады. Гэта можа сьведчыць пра тое, што рыхтуецца нейкі, магчыма, рэфэрэндум па аб’яднаньні з Расейскай Фэдэрацыяй. Калі ўсясьветная супольнасьць легалізуе Палату прадстаўнікоў, любы аншлюс будзе зацьверджаны гэтай палатай і фармальна будзе выглядаць законным”, — разважае палітык.