“Я ня ўпэўнены, што адбудуцца нейкія дэмакратычныя зьмены ў паводзінах улады. Таму гэта будзе жорсткая палітычная кампанія. Яна можа быць больш жорсткая, чым кампанія 2004 году. Поўны комплекс дзеяньняў: ціск, зьняцьцё, нядопуск да агітацыі, неўключэньне ў камісіі і пазбаўленьне рэгістрацыі”, — заявіў “Свабодзе” кіраўнік Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін.
“Самае галоўнае ў любой палітычнай кампаніі — гэта барацьба за думкі і душы грамадзянаў. Таму нават калі няма выбараў, гэта ўдзячная праца”, — зазначыў С.Калякін, адказваючы на пытаньне, ці мае сэнс удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах.
“Ці атрымаем мы мандаты — гэта другаснае пытаньне”, — кажа палітык і прагназуе вынікі выбарчай кампаніі: “Я так мяркую, што мандатаў ня будзе”.
Разам з тым кіраўнік ПКБ кажа: “Калі сёлета і будуць дапушчаныя да мандатаў людзі — гэта будуць людзі з адзінага сьпісу. Інакш ніякага сэнсу няма. У гэтыя гульні ніхто гуляць ня будзе, на Захадзе ніхто не прызнае вынікі выбараў. Таму ўсё будзе залежаць ад таго, як добра мы зрабілі сьпіс адзіных кандыдатаў”.
“Я ня бачу іншых калёнаў. Пакуль я бачу толькі адзіны сьпіс, усё астатняе — гэта толькі размовы пра тое, што нешта ёсьць. Пакуль існуе толькі агульны сьпіс аб’яднаных дэмакратычных сілаў”, — заяўляе Сяргей Калякін.
Аднак ён не выключае, што ў выбарах будуць удзельнічаць і кандыдаты, якія не ўваходзяць у агульны сьпіс: “Магчыма, нехта паспрабуе, альбо некага прымусяць, каб яны разбавілі адзіны сьпіс. Адзіны сьпіс не забараняе нікому ўдзельнічаць у выбарах — кожны грамадзянін мае права вылучыцца і ўзяць удзел у выбарчай кампаніі”.