Ленінскі аддзел адукацыі Магілёва абвесткамі ў пасажырскім транспарце пачаў інфармаваць жыхароў гораду пра набор беларускамоўнай групы ў дзіцячым садку № 81.
Для ахвотных аддаць сваіх дзяцей у гэтую групу на абвестках пазначаныя тэлефоны аддзелу адукацыі і садка. Група фармуецца зь дзяцей ад трох да пяці год.
Распрацавалі абвестку бацькі, якія ад трэцяга сьнежня водзяць сваіх дзяцей у адзіную ў Магілёве беларускамоўную групу. Паводле аднаго зь іх, Зьмітра Салаўёва, пакуль сорак абвестак на правах сацыяльнай рэклямы разьмешчаныя толькі ў тралейбусах. Ён кажа, што шукае магчымасьць разьмясьціць абвесткі ў аўтобусах і маршрутках.
У аддзеле адукацыі паведамілі, што закрываць беларускамоўную групу не зьбіраюцца. Супрацоўнікі аддзелу спадзяюцца, што рэклямаваньне ў транспарце дапаможа павялічыць колькасьць дзетак у групе.
Цяпер у адзіную ў Магілёве беларускамоўную групу ходзяць чацьвёра дзетак: Ялінка Салаўёва, Міколка Бацюкоў, Паўлік Мохаў, Януш Сярэдзін.