“Эўрапейская кааліцыя” вылучыць 70 кандыдатаў

Адзін зь лідэраў “Эўрапейскай кааліцыі” старшыня аргкамітэту Партыі свабоды і прагрэсу Уладзімер Навасяд паведаміў, што сьпіс кандыдатаў ад кааліцыі ўжо ўзгоднены:

“У ім каля 70 кандыдатаў з усіх абласьцей Беларусі. Такім чынам у рамках “Эўрапейскай кааліцыі” мы вядзем падрыхтоўку да выбарчай кампаніі, якая па-сутнасьці ўжо пачалася”.

У сьпіс кандыдатаў ад “Эўрапейскай кааліцыі” ўвайшлі сябры аргкамітэту Партыі Свабоды і прагрэсу, сацыял-дэмакраты Міколы Статкевіча, асобныя кандыдаты ад Маладога фронту, які як арганізацыя байкатуе выбары, і прадпрымальнікі.

Паводле Уладзімера Навасяда, апазыцыі трэба ставіць задачу перамогі на выбарах, і чым больш будзе дэмакратычных кандыдатаў, тым больш шанцаў посьпех.

“Дэмакратычныя выбары робяць дэмакратычныя кандыдаты, свабоднымі іх таксама робяць дэмакратычныя кандыдаты. Усё залежыць ад таго, ці змогуць яны скарыстацца тым мінімумам свабоды, які ёсьць цяпер у Беларусі. Трэба сваёй штодзённай працай змагацца, каб выбары былі дэмакратычнымі”.