Першы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч будзе вылучацца па выбарчай акрузе № 1. Ён дадае, што ў сьпісе кандыдатаў ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў таксама значыцца пад № 1.
“Гэтая выбарчая кампанія будзе розьніцца ад папярэдняй. Калі праводзілася папярэдняя кампанія, не было створана адзінага сьпісу, ёсьць цяпер і сьпіс нашых прадстаўнікоў, якіх мы будзе вылучаць у выбарчыя камісіі. Яшчэ адна розьніца: па кандыдатах з адзінага сьпісу будуць больш паліць, чым па кандыдатах-адзіночках. Яны ўяўляюць большую пагрозу для рэжыму і ўлады, чым адзіночкі — я іх называю: качкі, якія сядзяць самі па сабе”, — заявіў Анатоль Ляўковіч.
“Спробы стварыць асобныя сьпісы паказалі сваю неэфэктыўнасьць. Скажам, Статкевіч заяўляе пра свой сьпіс. Дзе гэты сьпіс? Каб у яго быў гэты сьпіс, ён бы даўно назваў гэтых людзей. А тое, што людзі ідуць па-за сьпісам кааліцыі — гэта нармальны працэс, нічога страшнага тут няма”, — лічыць палітык.
“Калёна адна”, — кажа спадар Ляўковіч пра ўдзел дэмакратычных кандыдатаў у выбарах. — “Могуць быць струмені нейкія — нехта можа прадставіць свой сьпіс, але гэта ня будзе калёнай. Такога адзінства — пасталі ў адну калёну, крокам руш — могуць дасягнуць толькі бальшавікі. Мы лічым, што ў нас ёсьць кааліцыя, якая аб’яднала галоўныя дэмакратычныя суб’екты, а тое, што гэта не 100% — гэта нармальная рэч у жыцьці і палітыцы”.
“Апанэнты прапануюць правесьці байкот. Трэба задацца пытаньнем: што такое байкот у іхнім разуменьні? Палітычны байкот — гэта калі 70—80% ня прыйдуць на выбарчы ўчастак. Ці ёсьць у нас такія магчымасьці і рэсурсы, каб столькі людзей не пайшлі галасаваць? Няма. Таму трэба ўдзельнічаць у працэсе, дамагацца свайго”, — перакананы адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).
Адказваючы на пытаньне, колькі дэмакратычных кандыдатаў пройдзе ў Палату прадстаўнікоў, спадар Ляўковіч заявіў: “Я не хачу рабіць прагнозаў, але калі гэта і здарыцца — гэта будзе вынік палітычнага торгу. Лукашэнку патрэбны выхад на Захад, і ён можа таргавацца. Але ў любым разе вынікі выбараў ня будуць дэмакратычнымі”.