Ва ўзгоднены сьпіс кандыдатаў у дэпутаты ва ўсе 110 акругаў увайшлі прадстаўнікі Партыі БНФ, АГП, ПКБ, БСДП (Грамада), аб’яднаньня прадпрымальнікаў, аргкамітэтаў па стварэньні Партыі працы і Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, а таксама некалькі актывістаў “Маладога фронту”, якія будуць удзельнічаць у выбарах у прыватным парадку, бо сама арганізацыя кампанію байкатуе.
Аднак гэта ня значыць, што ад апазыцыі будзе толькі па аднаму кандыдату на акругу. Пра намер вылучыць сваіх кандыдатаў заявіў рух “Эўрапейская кааліцыя”. Рух “За свабоду” сваіх кандыдатаў вылучаць ня будзе, ён сканцэнтруецца на кампаніі “За свабодныя выбары” ў рамках Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Апрача таго прадстаўнікі апазыцыі могуць самастойна вылучацца. На гэты момант вядома, напрыклад, пра адну канфліктную сытуацыю: на адну акругу ў Менску прэтэндуюць А. Лябедзька і А. Лагвінец.
Апазыцыя будзе працягваць патрабаваць дэмакратызацыі выбарчага працэсу, гаворыць лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі:
“Мы ўмовы вылучылі і па завяршэньні фармаваньня камісій усіх узроўняў мы будзем прымаць рашэньне пра фармат свайго далейшага ўдзелу, не выключаючы зьняцьце кандыдатаў. Але мы зьбіраемся ў той час, пакуль кандыдаты будуць існаваць, максымальна выкарыстаць магчымасьці для прапаганды сваіх ідэй”.
Паводле спадара Баршчэўскага, у часе выбараў кандыдаты ад апазыцыі і іх давераныя асобы будуць пашыраць таксама інфармацыю пра незалежную прэсу.
“Пакуль ход кампаніі не дазваляе сказаць, што будуць нейкія зьмены ў параўнаньні з папярэднімі выбарамі. Калі ўлада адумаецца і дапусьціць апазыцыю ў камісіі, зарэгіструе нашых кандыдатаў, то натуральна, што ў вялікіх гарадах апазыцыйныя кандыдаты ў большасьці перамогуць”,-- перакананы спадар Баршчэўскі.
Сам Лявон Баршчэўскі вылучацца кандыдатам у дэпутаты ня будзе, ён будзе кіраваць выбарчым штабам БНФ.