Сёньня – 20 гадоў першаму масаваму шэсьцю людзей і мітынгу ў Курапатах.
Гэта адбылося неўзабаве пасьля публікацыі ў газэце “Літаратура і мастацтва” артыкулу Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты. Дарога сьмерці”. Пра 19 чэрвеня 1988 году гаворыць адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк:
“Дзень 19 чэрвеня 1988 году, калі адбылося масавае шэсьце на Курапаты і мітынг там, жыве ў маёй сьвядомасьці выразна і моцна. Тысячы людзей зайшлі ў Курапацкі лес і ўсе рассыпаліся. Між дрэваў і кустоў ішлі моўчкі, у поўнай цішыні... І толькі крокі і шоргат лясной травы пад нагамі...
Мне пачулася ў гэтым нешта містычнае. Я адчуў, што адбываецца нешта, чаго я ня змог растлумачыць. Гэты шоргат людзкой лявіны – гэты вобраз стаіць у мяне ўвушшу, уваччу, жыве ў маёй сьвядомасьці.
У масе людзей я ўпершыню ўсьвядоміў адзінства цэлага, адчуў сябе часткай агульнага, свайго і ўсіх разам. Гэта было як злучэньне з богам. За Саветамі беларусы былі адлучаныя ад такога адчуваньня... Курапаты ж аб'ядналі сэрцы людзей перад Праўдай вечнай. І якраз гэта дало духоўны стымул, эмацыйны штуршок новаму беларускаму адраджэньню, новаму нацыянальна-вызвольнаму руху.
Ужо тады, на Курапацкім мітынгу, гучэлі словы пра неабходнасьць стварэньня Беларускага Народнага Фронту. Неўзабаве ён быў створаны. На мітынгу ў Курапацкім лесе выступалі вязьні камуністычных лягераў, і сьведкі генацыду. Там гучэлі словы, якіх ніхто з прысутных раней ня чуў пад Саветамі.
Сёньня – дзень нараджэньня Васіля Быкава. Тады ні Васіля Быкава, ні Алеся Адамовіча ў Менску не было, і на мітынгу яны не прысутнічалі, але Быкаў не выпускаў з поля зроку Курапаты. Яго нават уключылі ў афіцыйную камісію па Курапатах, якая была пакліканая, каб зацямніць ісьціну пра гэтае месца, і Быкаў там супрацьстаяў ім амаль што ў адзіночку.
Хвалі, якія пайшлі пасьля мітынгу ў Курапатах, нагадвалі цунамі. Яны разышліся па ўсім сьвеце, па ўсёй Беларусі. Тры гады яшчэ доўжылася змаганьне па абароне праўды пра генацыд. Былі праведзеныя сумесныя археалягічныя дасьледаваньні магіл у Курапатах, якія яшчэ раз пацьвердзілі факт генацыду. Нарэшце пад націскам неабвержных фактаў і грамадзкасьці камуністы вымушаныя былі афіцыйна прызнаць факт масавых расстрэлаў органамі НКВД людзей ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам. Яшчэ існаваў СССР, камунізм, і гэтае прызнаньне праўды пра Курапаты было нашай вялікай перамогай над Імпэрыяй зла”.