Голас Быкава

Запіс, які сёньня, у дзень нараджэньня Васіля Быкава, ўпершыню гучыць у эфіры, быў перададзены Свабодзе Ірынай Міхайлаўнай Быкавай. Гэта – чытаньне аднаго з варыянтаў (дагэтуль неапублікаванага) прыпавесьці “Жах”, якая зьяўляецца часткай трыпціху “Байкі жыцьця” і ў 1999 годзе ўвайшла ў кнігу “Пахаджане”.
Зь Фінляндыі і Нямеччыны Васіль Уладзімеравіч дасылаў на Свабоду свае прыпавесьці, і яны гучалі у эфіры. Памятаю, тады даводзілася спрачацца з некаторымі літаратарамі, якія (канешне, у вельмі карэктных выразах) падвяргалі сумневу спробы Быкава зацьвердзіцца ў новым для яго жанры. Магчыма, насьцяроржвала публіцыстычнасьць і актуальнасьць, якая, на думку маіх апанэнтаў, не магла быць сумяшчаьная з мастацкай вартасьцю. Я звычайна адказваў, што “Боская камэдыя” Дантэ чыталася ў свой час як востры палемічны твор, з рэальнымі пэрсанажамі. Сёньняшнія перавыданьні прыпавесьцяў – найлепшы арбітар у тых спрэчках.

Сапраўды, у “Жаху” чытач лёгка ўгледзіць асацыяцыі з рэаліямі сярэдзіны 90-ых гадоў – дэпутаты ў “авальнай залі” спрабуюць вызначыць пасаду чалавека, які б “пад наглядам парлямэнту кіраваў краінай”, ды самі таго не жадаючы наклікаюць “здань” – і першымі ж церпяць ад гэтага. Народ выракаецца гісторыі і мовы (“можна пражыць і бяз мовы”), а таго, хто загаворыць па-тутэйшаму на вуліцы, бьюць гумовымі дубінкамі. Мне нават давялося ўбачыць і адсылку да эпізоду ўласнай біяграфіі (акалічнасьці нашай зь Зянонам Пазьняком эміграцыі, пра якія тады ж Васіль Уадзіміравіч выказаўся на Свабодзе). Сярэдзіна прыпавесьці, якую чытае Быкаў, адрозьніваецца ад апублікаванай, але фінал аднолькавы – “гіганцкае правальле ў сярэдзіне кантынэнту”… Фінал – быкаўскі.

“Фініта” – кажа Васіль Уладзімеравіч у канцы, што, пэўна ж, ужо адносіцца не да сюжэту прыпавесьці, а да працэсу запісу – і чутны голас Ірыны Міхайлаўны, якая выключае дыктафон. Такімі міні-дыктафонамі (іх у Васіля Уладзімеравіча было некалькі) ён часта карыстаўся ў замежжы – напрыклад, для запісу гутарак з Барысам Кітом, якія потым былі апрацаваныя ў кнігу ўспамінаў. Тэхніка лічылася зручнай – на чужыне Быкавы пераяжджалі з краіны ў краіну, з гораду у горад, дыктафоны і міні-касэты займалі няшмат месца ў іх багажы. Шкада толькі, што якасьць гэтай тэхнікі – пасрэдная. Нашыя гукаапэратары парупіліся кампутарным спосабам палепшыць яе, наколькі магчыма. Але ваганьняў, ці даваць у эфір голас Быкава, не было…



Чытаем Быкава. Увесь чэрвень, кожны дзень, на хвалях Свабоды будуць гучаць быкаўскія радкі. Іх будуць чытаць розныя людзі – і блізкія сябры пісьменьніка.