Эўрапарлямэнт ўхваліў новы закон аб нелегальных мігрантах

Цяпер, згодна з заканадаўствам, нелегалаў могуць трымаць 18 месяцаў у месцах зьняволеньня. У выпадку экстрадыцыі іх далейшы ўезд на тэрыторыю краін ЭЗ будзе забаронены на пяць гадоў. Новыя прапановы ўжо ухваленыя ўрадамі краінаў ЭЗ.

Паводле ацэнак экспэртаў, у 27 краінах-сябрах ЭЗ можа знаходзіцца каля 8 мільёнаў нелегалаў. Дагэтуль у ЭЗ не існавала адзінай палітыкі ў дачыненьні да нелегальных мігрантаў. Так, у Францыі, паводле законаў, нелегалаў, перад тым як іх дэпартаваць, трымалі ў спэцыялізаваных установах 32 дні, у Вугоршчыне – адзін год, у Латвіі 20 месяцаў, у шэрагу краін увогуле не існавала аніякіх абмежаваньняў.

Працэдура барацьбы зь нелегаламі будзе выглядаць наступным чынам. Напачатку затрыманым нелегалам прапануюць пакінуць тэрыторыю ЭЗ цягам 30 дзён. Аднак пры гэтым ня выключана, што іх могуць затрымаць яшчэ на шэсьць месяцаў, а потым яшчэ на 12 месяцаў. Гэта ў выпадку, калі мігрант адмовіцца падпарадкавацца ўладам ці вырашыць схавацца. Увесь гэты час чалавек будзе знаходзіцца за кратамі, пакуль ня будуць падрыхтаваныя неабходныя паперы для экстрадыцыі..

У выпадку дэпартацыі былога нелегала будзе чакаць пяцігадовая забарона ўезду на тэрыторыю краін ЭЗ.

Краіны-сябры ЭЗ абавязаны пры гэтым захоўваць асноўныя правы затрыманых, у тым ліку, аказваць гэтым людзям бясплатную юрыдычную дапамогу. Непаўналетніх і сем’і зь дзецьмі можна будзе затрымліваць толькі ў выключных выпадках. Напрыклад, калі затрыманыя не захочуць супрацоўнічаць з уладамі ці калі тую ці іншую асобу неабходна будзе праверыць у яе роднай краіне.

У новага закону ўжо зьявіліся першыя крытыкі. У Эўрапарлямэнце гэта дэпутаты-сацыялісты і зялёныя. Адпаведную заяву зрабіла праваабарончая арганізацыя Міжнародная амністыя. Паводле крытыкаў, новыя захады па барацьбе зь нелегаламі ня вырашаць праблемы, да таго ж яны парушаюць правы чалавека. Палітыкі і праваабаронцы лічаць тэрміны затрыманьня надта даўгімі, а пяцігадовую забарону на вяртаньне ў ЭЗ увогуле неапраўданай. “ЭЗ падае іншаму сьвету вельмі дрэнны прыклад”, – заявілі сёньня ў эўрапейскім офісе “Міжнароднай амністыі” ў Брусэлі.