Адзін зь лідэраў польскай меншасьці ў Беларусі Тадэвуш Гавін арганізацыю візыту Папы Бэнэдыкта ХVI ў Беларусь лічыць цалкам рэальнай:
“Улады Беларусі і Лукашэнка зацікаўленыя ў гэтым, каб паказаць сьвету, што яны адкрытыя і здольныя весьці супрацоўніцтва. Такім чынам, на мой погляд, візыт Бэнэдыкта ХVI адбудзецца”.
Паводле Тадэвуша Гавіна, цяпер зьмянілася і пазыцыя Крамля ды РПЦ адносна Ватыкану:
“Яны лепей ставяцца да Бэнэдыкта ХVI, чым да Яна Паўла Другога. І магчыма тое, што ўлады Беларусі і Лукашэнка пайшлі на такі кантакт з Ватыканам, можа быць, гэта сьведчыць аб тым, што і Масква ня супраць”.
Спадар Гавін мяркуе, што паколькі Ватыкан мае аўтарытэт і ўплыў у сьвеце, беларускія ўлады могуць разьлічваць на гэта, імкнучыся памяняць свой імідж. Аднак дзеля гэтага патрэбныя не візыты, а дэмакратычныя рэформы, талерантны падыход да рэлігійных і нацыянальных меншасьцяў,-- заключыў Тадэвуш Гавін.