“Я думаю, яны жадаюць пайсьці на збліжэньне зь дзяржавай, каб дасягаць мэтаў, якія паставіў Госпад. Я ня бачу нічога дрэннага ў гэтым. Царква — так, як яе задумаў Госпад — не павінна спрачацца зь дзяржавай, калі дзяржава адпавядае бачаньню Госпада”, — кажа юрыст менскай царквы “Новае жыцьцё” Аб’яднаньня суполак хрысьцянаў поўнага Эвангельля Сяргей Луканін.
“Відавочна, што ня ўлада хоча зблізіцца з каталікамі, а каталікі хочуць зблізіцца з уладай. Гэта тая мэта, якую паставіў Тадэвуш Кандрусевіч: наблізіцца да ўлады, каб разам рабіць праекты на карысьць усяго беларускага народу. Таму я не разглядаў бы гэтую сытуацыю як пацяпленьне: ці то з боку Захаду, ці то з боку афіцыйнага Менску. Я бы не надаваў гэтаму вялікага палітычнага значэньня”, — заяўляе спадар Луканін.
“Я магу спаслацца на праваслаўнага сьвятара Аляксандра Шрамка. Паводле ягоных словаў, канкардат, які некалі падпісала праваслаўная царква, прынёс мала плюсаў, але было шмат мінусаў. Мінусы — тое, што праваслаўная царква пачала вылучацца сярод іншых. Плюсы — доступ да ўстановаў: шпіталёў і школаў. Але эфэкт быў ня той, на які разьлічвалі”, — кажа прадстаўнік царквы “Новае жыцьцё”, адказваючы на пытаньне пра магчымае падпісаньне пагадненьня з каталіцкай царквой.
“Я ня ведаю, ці будзе канкардат з каталіцкай царквой мець болей плюсоў, чым мінусаў. Яшчэ раз падкрэсьлю, што дзяржава павінна супрацоўнічаць з цэрквамі ў сацыяльных сфэрах: барацьба з алькагалізмам, умацаваньне сямейных каштоўнасьцяў”, — перакананы Сяргей Луканін.