Нямецкія аптэкары: не набывайце лекі праз інтэрнэт

Нямецкія аптэкары папярэджваюць сваіх грамадзянаў пра частыя сьмяротныя выпадкі ў выніку ўжываньня падробленых прэпаратаў.
Яны заклікаюць спажыўцоў не набываць мэдыкамэнты сумнеўным шляхам, у тым ліку, праз інтэрнэт, піша нямецкая “Aerzte Zeitung”.

Аўтарытэтнае ў мэдычных колах выданьне спасылаецца на дадзеныя Эўракамісіі: летась на межах ЭЗ былі канфіскаваны 2 мільёны 700 тысячаў упаковак падробных лекаў, што на 384% болей чым пазалетась. Экспэрты лічаць, што на 2010 год абарот фальшывых мэдыкамэнтаў складзе 75 мільярдаў даляраў.

Як піша “Aerzte Zeitung”, сапраўдным Эльдарада для фармапірацтва зьяўляюцца маладыя краіны. У Афрыцы, паводле экспэртаў, падробная кожная другая пілюля. У Лацінскай Амэрыцы і Паўднёвай Азіі – кожная трэцяя. Небясьпечнымі зьяўляюцца таксама і постсавецкія краіны – Расея, Беларусь, Украіна.

Найбольш верагодным спосабам набыцьця фальшывых мэдыкамэнтаў, піша выданьне, ёсьць інтэрнэт. Шматлікія прадпрымальнікі, дробныя фармацэўтычныя фірмы-пасярэднікі прапануюць купіць вядомыя аптэчныя брэнды па значна ніжэйшых коштах, чым у афіцыйных аптэках.

Калі размова ідзе пра лекі ад анкалягічных, кардыялягічных, нэўралягічных хваробаў, праз такі не абкладзены падаткамі гандаль можна ашчадзіць вялікія грошы. Аднак замест сапраўдных лекаў набыць у лепшым выпадку гэтак званую “пустышку”, у склад якой замест неабходных актыўных рэчываў уваходзяць крэйда, зубны ці пральны парашок.

Яшчэ горш, калі ў склад падробкі ўваходзіць іншае, зусім ня тое, якое патрэбна, актыўнае рэчыва, ці рэчыва ў іншай дазіроўцы, ці са скончаным тэрмінам годнасьці. Гэтыя мэдыкамэнты ўжо ёсьць таксычнымі, а таму могуць мець летальнае ўзьдзеяньне на хворых людзей.

Эўрапейскія фармацэўты таксама ня раяць сваім спажыўцам набываць вядомыя аптэкарскія брэнды і ў афіцыйных аптэках краінаў-суседзяў ЭЗ.

Адной зь першых падробку заўважыла харвацкая фірма “Пліва”, якая выпускае антыбіётык “Сумамэд”. Гэты тавар распаўсюджваўся ў легальных расейскіх аптэках ва ўпакоўках фірмы зь перакладам на расейскую мову. Ня выключана, што з Расеі прэпарат рээкспартаваўся і ў іншыя краіны СНД. У выніку фірма адклікала ўсю сваю прадукцыю і стала выпускаць мэдыкамэнты з адмысловай галяграмай на ўпакоўцы.

Адзін з апошніх гучных скандалаў на постсавецкай прасторы зьвязаны з мэдыкамэнтам вугорскай фірмы “Гедэон Рыхтэр”, які выпускае прэпарат ад парушэньня мазгавога кровазвароту. У адзін са шпіталёў Украіны трапіў вугорскі грамадзянін, які пакутаваў на нэўралягічныя захворваньні. Ужываньне кавінтону, якім звычайна лекаваўся на радзіме пацыент, не дало жаданага эфэкту.

Па вяртаньні дадому пацыент перадаў адну са схаваных ім таблетак у фірму “Гедэон Рыхтэр”. У выніку лябараторных досьледаў было высьветлена, што гэта была звычайная таблетка “пустышка” з крэйдай замест актыўнага рэчыва.

Вось што кажа ў гэтай сувязі прадстаўнік кампаніі Эрык Богш:

Богш: “Вельмі часта мы маем справу з вельмі дрэннымі фальшыўкамі, якія зусім не адпавядаюць нашым стандартам. Галоўнае, што гэтыя падробкі ня дзейнічаюць як трэба, не аказваюць той дапамогі, якая тэрмінова патрэбна чалавеку. Нашы лекі падрабляюць у самых розных краінах Усходняй Эўропы. У першую чаргу, у Расеі. Таму мы ахвяруем шмат сілаў для абароны сваёй прадукцыі. Мы зьвярнуліся ў адну заходнеэўрапейскую фірму, якая ў тым ліку друкуе і банкноты. Цяпер нашу ўпакоўку вельмі цяжка падрабіць”.

Хаця, як лічаць экспэрты, невырашальных задач для нелегальных вытворцаў з былога СССР няма.