Рэгіянальныя актывісты пра рашэньне сойму БНФ

Рэгіянальныя арганізацыі БНФ сёньня абмяркоўвалі рашэньні апошняга сойму сваёй партыі.

Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Рыгор Кастусёў паведамляе, што ў сваёй справаздачы крытыкаваў дзеяньні кіраўнікоў БНФ, якія прывялі да выключэньня з партыі Алеся Міхалевіча.

“Я назваў гэты працэс самаедзтвам у партыі. На жаль, гэта ня першы выпадак выключэньня. Раней Вячаслава Сіўчыка выключылі. Не чакаў выключэньня, а сам сышоў Павал Севярынец. Сышоў і Ўладзімер Колас. Безумоўна, што яны былі карысныя для партыі. Але, на жаль, яны нібыта не патраплялі ў тую каляіну, па якой хацелася б весьці БНФ кіраўніцтву — менскім старшыням і іх намесьнікам.

Ня ўсё мне пакуль што зразумела. У прыватнасьці, чаму так адбываецца? Можа, зачышчаецца поле пад новага чалавека, які жадае прыйсьці? А можа, партыю жадаюць прадаць? Ёсьць такія варыянты і магчымасьці”.

Далей гаворыць старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі партыі БНФ Сяргей Мальчык:

“Мы ўжо абмяркоўвалі сытуацыю зь сябрамі Слонімскай арганізацыі партыі БНФ. Стаўленьне вельмі нэгатыўнае. Зразумела, што зьявілася разгубленасьць, узмацніліся праблемы. З рэгіёнамі цэнтру будзе працаваць цяжэй. Гэта — відавочна”.

Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі БНФ Валеры Пуціцкі паведамляе, што на сойме не галасаваў за выключэньне Алеся Міхалевіча. Меркаваньне спадара Пуціцкага:

“Алеся Міхалевіча я ведаю добра. Мяне ўразіла меркаваньне Юрыя Хадыкі, які казаў: “Я гэты Фронт арганізоўваў тады, калі вы яшчэ дзіцячы садок наведвалі. Таму мусіце ісьці паводле генэральнай лініі БНФ, якая была выпрацавана ў 1988 годзе”. А калі хто нарадзіўся толькі ў 88-м годзе? “У такім разе яму толькі ўлёткі разносіць, а кіраваць будзем мы”, — так яны лічаць”.