Ю. Губарэвіч: “Выключэньне Міхалевіча не адбылося”

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Ю.Губарэвіч перакананы, што паводле статута галасоў для выключэньня з партыі А.Міхалевіча не хапіла, і той застаецца сябрам ПБНФ.

“На паседжаньні прысутнічала 48 сябраў Сойму, а прагаласавала 24. Гэта 50 працэнтаў, але не большасьць. Як мінімум для рашэньня патрэбна было 25 галасоў”.

Саму падзею Губарэвіч ацаніў як “зачыстку канкурэнтаў у партыі”.

“Думаю, што расколу ня будзе. Людзі ў нас моцна перакананыя для удзелу ў партыйнай працы. Я не выключаю аднак, што будзе назірацца адыход ад актыўнай дзейнасьці тых людзей, якія зьвязваюць сваю далейшую працу з Партыяй БНФ. Падобныя сытуацыя ў нас здараліся і ў 1999 годзе і ў 2001-м”.

Сам Губарэвіч застаецца намесьнікам старшыні партыі і зьбіраецца працягваць дзейнасьць на гэтай пасадзе і ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах. Аднак ён не выключае, што некаторыя могуць настойваць і на ягоным выключэньні з партыі.

Старшыня падліковай камісіі на мінулым пасяджэньні Сойму Партыі БНФ Юры Чавусаў зазначыў, што ніхто зь сябраў камісіі не галасаваў супраць рашэньня аб выключэньні Міхалевіча. (Два сябра камісіі галасавалі за, адзін – устрымаўся).

“У галасаваньні прыняло ўдзел 47 чалавек. Адзін чалавек ня браў бюлетэню, мы лічым, што ён не прысутнічаў. Такім чынам для ўхваленьня рашэньня было дастаткова 24 галасы”.