Магілёў: хросны ход не адбыўся <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />

Сьвяты Антоні Падуанскі

Сёньня ў Магілёве не адбыўся хросны ход у гонар нябеснага заступніка гораду — сьвятога Антонія Падуанскага. Замест гэтага ксёндз-пробашч касьцёла Сьвятога Станіслава Раман Факсінскі адслужыў імшу на каталіцкіх могілках у капліцы сьвятога Антонія.
Айцец Раман назваў “Свабодзе” прычыны, якія не дазволілі правесьці сёлета хросны ход:

“Хтосьці там данёс да ўладаў, і яны трошкі задумаліся й хацелі дапамагчы. Мы атрымалі дазвол, але запозна. Учора факсам атрымалі рашэньне Магілёўскага гарвыканкаму. Калі дазвол мы атрымліваем пасьля нядзелі, калі мы зьбіраемся звычайна на літургіі , то практычна немагчыма паведаміць нашым парафіянам пра тое, што хросны ход будзе. Я ўдзячны ім за тое, што яны зрабілі і так, і ўсё-ткі спадзяюся, што ў будучыні такіх праблемаў больш ня будзе”.

Нагадаем, аддзел ідэалёгіі Магілёўскага гарвыканкаму патрабаваў ад арганізатараў хроснага ходу аплаты паслугаў міліцыі, мэдыкаў ды камунальнікаў, якія нібыта забясьпечваюць парадак правядзеньня мерапрыемства.

Сёньня ў капліцу, каб ушанаваць нябеснага заступніка Магілёва, прыйшлі каля пяцідзесяці чалавек, пераважна сталага веку. Прадстаўнікоў улады й арганізацыяў, якія, паводле чыноўнікаў, абавязаныя забясьпечваць парадак на масавых мерапрыемствах, не было.

Летась хросны ход таксама не праводзіўся – з прычыны рамонту вуліцы Лазарэнкі.

Сьвяты Антоні стаў апекуном Магілёва пры канцы XVI стагодзьдзя. Ягоны цудатворны абраз прынесьлі ў Магілёў францішканскія прапаведнікі.

Абраз сьвятога Антонія зьнік у часы Другой усясьветнай вайны.

Сьвятога Антонія шануюць ня толькі каталікі, але і праваслаўныя.

Абраз нябеснага заступніка Магілёва ў капліцы Сьвятога Антонія

Капліца сьвятога Антонія на каталіцкіх могілках Магілёва