Паводле спадара Старыкевіча, у выніку новаўвядзеньняў, улады могуць максымальна абцяжарыць доступ да асобных інтэрнэт-выданьняў.
“І самае небясьпечнае, што правілы гульні ў законапраекце, фактычна, адсутнічаюць. Гэта ўсё будзе рэгулявацца пастановай Савета міністраў, падзаконным актам. А самыя вялікія подласьці робяцца менавіта праз гэтыя падзаконныя акты. Пабачым, канечне, бо праект пастановы Савета міністраў толькі распрацоўваецца. Але я не чакаю нічога добрага, тым больш, што ўжо гаварылася і пра кітайскі досьвед, пра рэгістрацыю інтэрнэт-СМІ. Таму мяркую, што справа будзе рухацца ў гэтым кірунку. Зрэшты, гэта не навіна, бо ўсе дзеяньні, якія ўлада прадпрымала да СМІ цягам апошніх гадоў, яны ўзмацнялі кантроль над СМІ”.
Чаму ўлады менавіта цяпер узяліся за інтэрнэт- выданьні? А.Старыкевіч сказаў:
“Яны рыхтуюцца да будучых прэзыдэнцкіх выбараў. Я ня думаю, што кампанія ў Палату прадстаўнікоў мае ўжо такую сур’ёзную вагу з улікам таго, як яны ў нас праводзяцца. Таму, каб не прымаць такія акты напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, гэта робіцца цяпер”
Галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч мяркуе, што ўся гісторыя з законапраектам узьнікла менавіта дзеля таго, каб прыраўняць інтэрнэт-выданьні да сродкаў масавай інфармацыі. Бо раней, зь юрыдычнага погляду, яны не разглядаліся ў якасьці СМІ.