Юрысты Цэнтра прававой абароны СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў пракамэнтавалі некаторыя палажэньні законапраекту «Аб сродках масавай інфармацыі». Яны заяўляюць, што ён можа істотна пагоршыць умовы дзейнасьці незалежных мэдыяў і стаць «згубнымі для разьвіцьця незалежнай журналістыкі Рэспублікі Беларусь».
Экспэрты зьвяртаюць увагу на артыкул, які тычыцца інтэрнэту. Ён прадугледжвае яго рэглямэнтацыю ня толькі на ўзроўні закону, але і падзаконных актаў.
Таксама згодна з праектам, адным мэдыям могуць прадстаўляцца сродкі з рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў, а таксама іншых крыніцаў. А другім забараняецца атрымоўваць сродкі і маёмасьць ад замежных юрыдычных асобаў і ананімных крыніцаў.
У праекце закону захоўваецца заяўна-дазваляльны парадак рэгістрацыі СМІ і становіцца больш жорсткім парадак перарэгістрацыі СМІ.
Законапраектам прадугледжваецца заснаваньне Грамадзкай каардынацыйнай рады ў сфэры масавай інфармацыі. Яго склад і парадак дзейнасьці будзе вызначацца Міністэрствам інфармацыі.
Таксама экспэрты БАЖ зьвяртаюць увагу на тое, што законапраект уносіць істотныя зьмены ў інстытут акрэдытацыі. «Не закон, а чыноўнік будзе вырашаць пытаньне пра тое, каму даваць акрэдытацыю, а каму адмаўляць. У пункце 4 гэтага артыкулу ёсьць катэгарычнае прадпісаньне, што ажыцьцяўленьне прафэсійнай дзейнасьці журналістаў замежных СМІ на тэрыторыі Беларусі без акрэдытацыі забараняецца», -- заяўляюць экспэрты БАЖ.
Адным з адыёзных экспэрты называюць артыкул 37 «Інфармацыя абмежаванага доступу». Апроч таго, артыкул 38 ўстанаўлівае пералік інфармацыі, распаўсюд якой у СМІ забараняецца.
«Апатэозам праекту» экспэрты называюць артыкул, які прадугледжвае адказнасьць за парушэньне заканадаўства аб СМІ.
«А найбольш жорсткай мерай узьдзеяньня зьяўляецца спыненьне выпуску СМІ. Рашэньне па гэтым пытаньні прымае суд паводле позвы Міністэрства інфармацыі ці пракурора пры ўмове, што цягам году СМІ альбо заснавальніку СМІ выносяць два ці больш пісьмовых папярэджаньняў», --зьвяртаюць увагу экспэрты БАЖ.
Юрысты БАЖ мяркуюць, што ў выпадку прыняцьця гэтага законапраекта, «будзе нанесены значны ўдар па мэдыях, асабліва недзяржаўнай формы ўласнасьці: стануць значна больш жорсткімі ўмовы дзейнасьці незалежных СМІ і яны фактычна будуць пастаўлены на мяжу жыцьця».