"Калі яны ня сыдуць пад марш, сыдуць пад бой барабанаў"

Сяргей Абразоўскі

Госьць "Начной Свабоды" Сяргей Абразоўскі


"Разьвітаньне славянкі" – менавіта гэты марш замовіў, як ён сам сказаў “для чыноўнікаў, якія дазволілі будаўніцтва заводу, і для кіраўніцтва расейскай кампаніі "Аўгуст-Бел" наш сёньняшні госьць, адзін з арганізатараў пратэсту супраць будаўніцтва хімічнага заводу ў пасёлку Дружны пад Менскам Сяргей Абразоўскі.


Знаткевіч: "Скажыце, арганізатары пратэсту ў прынцыпе супраць будаўніцтва такога заводу ў Беларусі ці супраць будаўніцтва менавіта ў гэтай мясцовасьці?"

Абразоўскі: "Гэта шырокае пытаньне і на яго можна па-рознаму адказваць. Адкажу так. Па-першае, мы, як звычайныя грамадзяне, супраць будаўніцтва гэтага прадпрыемства ў нас, бо такіх прадпрыемстваў у Беларусі ўжо ёсьць чатыры. Падобных. Па-другое, відаць, у ніводнай краіне сьвету такое прадпрымства не разьмяшчаюць у густанаселенай зоне, дзе ў навакольлі пражывае 20-25 тысяч насельніцтва, маюцца вялікія прадпрыемствы - напрыклад менская ТЭЦ-5. Далей. Цяпер ужо ва ўсіх цывілізаваных краінах паводле "Орхускай канвэнцыі" заўсёды вывучаюць меркаваньне насельнікаў, што жывуць наўкола. Беларусь падпісала гэтую "Орхускую канвэнцыю", падпісаў яе грмадзянін Лукашэнка. Гэтая канвэнцыя ратыфікаваная на тэрыторыі Беларусі. Таму мы павінны вывучыць меркаваньне насельніцтва".

Калі яны ня сыдуць пад марш, яны сыдуць пад бой барабанаў

Знаткевіч: "Чыноўнікі кажуць, што большасьць людзей ў тым жа Дружным "за" будаўніцтва, бо гэта будуць новыя працоўныя месцы".

Абразоўскі: "Большай хлусьні... І больш размаўляць пра нашых чыноўнікаў ня хочацца. Я нездарма замовіў на вашых хвалях гэты марш "Разьвітаньне славянкі". Калі яны ня сыдуць пад гэты марш, яны сыдуць пад бой барабанаў. Гэтыя людзі даўно страцілі гонар. Даўно. І хлусяць яны на кожным кроку. Хлусіў нам старшыня Пухавіцкага райвыканкаму, калі казаў, што ня ведаў аб заключэньні Акадэміі навук. Хлусіў старшыня выканаўчака камітэту Крупецкага, калі гаварыў, калі амаль як паўгоду прайшло, а ён ня ведаў пра гэта.

Хлусяць проста таму, што думкі насельніцтва яны не вывучалі. Мы першы раз сабралі 6 тысяч подпісаў, адправілі да іх і да прэзыдэнта. Яны зараз нейкую там анкету праводзілі, яшчэ нешта. Але ўсё гэта плётка. Гэта нейкіх іх хворы розум. Новыя і новыя прычыны прыдумляюць, каб нашую працу, нашую барацьбу перакрэсьліць.

Людзей прэсуюць, каб лепей было расейскаму прадпрыемству

Знаткевіч: "Чаго ўдалося дабіцца пратэстамі?"

Абразоўскі: "Як я лічу, на саступкі яны ніякія не пайшлі. Чаго мы дабіліся, дык прыпыненьня будаўніцтва. Усё, што яны робяць, - гэта для таго, каб зацягаць барацьбітоў - па судах, ня даць ім выказацца на мітынгах, пікетах. Мы 28 разоў ужо прасілі аб пікетах, дэманстрацыях - нам ні разу не дазволілі. Такія судзьдзі як Вяжэвіч, які падтрымліві тое, што нам адмаляюцца законна правесьці на стадыёне ў Мар'інай Горцы толькі таму, што на гэтым стадыён трэба паваліць дрэва, корань якога выкарчаваны за два дні да гэтага, гэта сьмешна. Суды, якія вядзе Акуліч, а гэта як вы расказваеце пра тое, як міліцыянты даюць паказаньні... Адна справа чуць па радыё, іншая - бачыць. Яны называюць сябе афіцэрамі. Абліваюць гразьзю маладых дзяўчат, а па-іншаму і ня скажах. Людзі выйші выказаць сваё меркаваньне, а супрацоўнікі міліцыі па 1-м артыкуле закону аб міліцыі, павінны бараніць насельніцтва, грамадзян. А яных прэсуюць. Каб лепей было расейскаму прадпрыемству. На мой погляд,гэта проста здраднікі. Здраднікі свайму народу".

Знаткевіч: "Вы ўжо казалі, што сабралі 6 тысяч подпісаў. А цяпер людзі зьбіраюць подпісы пад зваротам у ААН і ў АБСЭ. Ці шмат сабрана подпісаў і ці разьлічваеце вы на дапамогу міжнародных арганізацый?"

Абразоўскі: "Мы сабралі шмат подпісаў. Лістоў шмат, пакуль не падлічвалі, бо яны знаходзяцца ў розных актывістаў. Асноўная частка нашай ініцыятыўнай групы не разьлічыве на ўрад, на нашае мясцовае кіраўніцтва. Большасьць ужо не разьлічвае і на прэзыдэнта, але шмат хто яшчэ верыць, што ён, трымаючы ўсю канстытуцыйную ўладу ў сваіх руках, што ён азірнецца на народ і прыпыніць гэтую брудную справу, якую інакш не назавеш. Больш спадзяемся на міжнародную супольнасьць. Таксама хочам зьвязацца з экалягічнымі арганізацыямі, але пакуль у нас ня вельмі атрымліваецца. Таксама зь беларускімі мы хацелі б супрацоўнічаць - з "Экадомам", "Орхускім цэнтрам". Але гэтыя арганізацыі падаўленыя ўладай і там такія супрацоўнікі, што нават з намі размаўляць ня хочуць. Мы ня хочам зьвяртацца да палітыкаў. Гэта крайняя мера. І, хутчэй, гэта будуць апазыцыйныя палітыкі, бо дзяржаўныя – кішэнныя. Як сказаў адзін міліцыянт – я ж на пэнсію пайду хутка. А я адказаў – мы не забудзем".

Знаткевіч: "У Беларусі шмат экалягічных праблемаў, найперш наступствы Чарнобылю – ці магчыма на вашую думку стварэньне рэальнай палітычнай партыі, якая б менавіта на гэтым будавала сваю праграму – кшталту "партый зялёных" на Захадзе?"

Абразоўскі: "Мая думка такая - партыя можа называцца "зялёнай", "блакітнай", "чырвонай", "камуністычнай", "сацыялістычнай". Калі паглядзець на праграмы сёньняшніх партый, дык яны ўсе сацыялістычныя. У тым ліку і камуністычная партыя. Яны маюць сацыяльную накіраванасьць. Ёсьць некалькі лібэральных. Але я думаю, што экалягічная партыя нічога не дасягне, бо партыя павінна ставіць мэтай дасягнуць улады і ўсталяваньня ўлады, рух наперад нейкі. Зялёная ці любая экалягічная будзе ставіць мэту аховы навакольнага асяродзьдзя. Найперш трэба будаўніцтва дзяржавы. А экалягічнае ўсё адно перародзіцца. Вось камуністычная партыя ў СССР насамрэч была партыяй дыктатарў. Хоць я сам камуніст, лічу, што гэта ідэалы будучага".


Знаткевіч "Ці зьвязваліся вы зь нейкімі арганізацыямі, якія займаюцца экалягічнымі праблемамі? Каб скаардынаваліся, напрыклад, людзі якія за экалёгію ў розных месцах?"

Абразоўскі: "Я так думаю, што мы гэтым будзем займацца. Будзем займацца, бо мы бачым, і ўся нашая група бачыць, што праблема выходзіць за рамкі Пухавіцкага рэгіёна, бо такія прадпрыемствы, якія наносяць шкоду здароўю людзей, будуць прыносіцца з Расеі пад маркай інвэстыцый. Яны ўжо ёсьць. Таму мы павінны стварыць, магчыма, новую экалягічную арганізацыю якая будзе кантраляваць улады, іх дзеяньні наконт навакольнага асяродзьдзя".