Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году рэжысэр Юры Азаронак дэбютаваў на БТ са стужкай “Нянавісьць. Дзеці ілжы”, скіраванай супраць Беларускага Народнага фронту і Зянона Пазьняка.
Пазьней Азаронак стаў аўтарам шэрагу іншых прапагандысцкіх фільмаў, прысьвечаных выкрываньню «антыдзяржаўнай стунасьці» беларускай апазыцыі. У 1996-м ён падрыхтаваў дакумэнтальны фільм «Закуліса» -- пра «таемныя мэханізмы беларускай апазыцыі». Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году дзяржаўнае тэлебачаньне паказала ягоны сэрыял «Таемныя спружыны палітыкі». У адным з сюжэтаў быў зьвінавачаны лідэр АГП Анатоль Лябедзька, якія нібыта прывёз з Польшчы вялікую суму грошай, якія скіраваў не на партыйныя патрэбы, а ў свой сямейны бюджэт.
Празь нейкі час пасьля выбараў, у 2003 годзе, Юры Азаронак зьявіўся на пасадзе прэс-сакратара Генэральнай пракуратуры. У 2005-м зноў вернуты на тэлебачаньне – загадам Аляксандра Лукашэнкі прызначаны намесьнікам старшыні Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі.
Тады ж Лукашэнка узнагародзіў яго прэміяй «За духоўнае адраджэньне». Падставай стаў чарговы твор Азаронка – «Кансьпіралёгія». Адным з герояў у ім выступіў экс-старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч.
Эстафэту Юрыя Азаронка падхапілі іншыя кінадакумэнталісты, а вытворчыя плошчы пашырыліся коштам створаных каналаў ОНТ і «Сталічнае тэлебачаньне». У стварэньні прапагандысцкай прадукцыі ўдзельнічалі цяперашні старшыня тэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі, ягоны колішні напарнік Ігар Грышан, былы праваабаронца Яўген Новікаў, Юрый Казіятка ды іншыя.