Грамадзкі рэдактар тыдня Алег Трусаў – гісторык, археоляг. Кандыдат гістарычных навук. Аўтар манаграфіяў, прысьвечаных матэрыяльнай культуры беларусаў. Старшыня Таварыства беларускай мовы.
Алег Трусаў прапанаваў карэспандэнтам Свабоды падрыхтаваць перадачу на тэму: “Вяртаньне нашых каштоўнасьцяў: праблемы рэстытуцыі”. А сёньня журналіст Аляксандар Уліцёнак размаўляе зь ім пра тое, што менавіта і калі страчана беларусамі.
Уліцёнак: “Калі ў Беларусі зьвярнулі ўвагу на рэстытуцыю?
Трусаў: “Напрыканцы існаваньня Савецкага Саюзу, але асабліва калі ўтварылася незалежная Беларусь. Былі створаныя грамадзкія структуры, якія зьбіралі гэты матэрыял, ну і незалежная прэса”.
Уліцёнак: “Чым найперш зацікавілася грамадзкасьць?”
Трусаў: “Першыя страты – рабаваньне і вываз нашых каштоўнасьцяў – гэта вайна паміж Рэчу Паспалітай і Масковіяй у сярэдзіне 17-га стагодзьдзя. Беларусь была цалкам абрабаваная, былі вывезеныя як рэчы, так і людзі. І зараз тыя сьляды можна знайсьці ня толькі ў музэях Масквы, Пецярбургу, але й Калугі, Тулы, Новасібірску і гэтак далей. Наступная метка – 18-е стагодзьдзе: Паўночная вайна, падчас якой нас рабавалі як швэды, так і расейцы. Далей Дамінік Радзівіл выступіў на баку Напалеона, дык войска Расеі абрабавала Нясьвіж”.
Уліцёнак: “І на што паквапіліся расейцы?”
Трусаў: “Вывезьлі ўнікальную бібліятэку, шматлікія творы мастацтва. Расьцягнулі крыху пазьней і Полацкую езуіцкую акадэмію… 1863 год – паўстаньне Каліноўскага, і чарговае рабаўніцтва – унікальнага Віленскага музэю, створаны братамі Тышкевічамі. Зразумела, больш за ўсё вывезьлі зноў жа ў Расею”.
Уліцёнак: “Аднак найбольш чорным з гледзішча стратаў стала, мабыць, 20-е стагодзьдзе?”
Трусаў: “Падчас Першай сусьветнай усе каштоўнасьці Заходняй Беларусі вывезьлі зноў жа ў Расею. І не вярнулі дагэтуль. Не саромеліся здымаць нават званы з цэркваў… Ня менш нарабавалі таксама і фашысты”.
Уліцёнак: “А хто ўрэшце рэшт узьняў праблему вяртаньня каштоўнасьцяў у Беларусь?”
Трусаў: “Найперш была створаная недзяржаўная камісія, якая выдавала зборнікі “Вяртаньне” – іх выйшла каля дзесяці. Пад рэдакцыяй Адама Мальдзіса. І гэтыя зборнікі друкавалі ўнікальныя матэрыялы. Ну і, канечне, флягманам у гэтай справе стаў Фонд культуры”.