Супрацоўніца агенцтва нерухомасьці Тацяна Сьнітко перакананая: “Менск загрузнуў недзе бліжэй да савецкага”.
“Вядома, вонкава горад стаў выглядаць лепей. Але калі спалучыць гэтую чысьціню са сталінскай архітэктурай… гэта, можа, і выглядае па-эўрапейску, а па-мойму — наадварот”, перакананая Тацяна.
“Мне ў гэтым горадзе няўтульна, але мне нідзе ня будзе больш утульна”, — прызнаецца яна.
“Каб папрасілі назваць сымбаль савецкасьці Менску, я прыгадала б хрушчоўкі. Улічваючы, што ў хрушчоўку некалі засялялі людзей з баракаў, тады гэта быў прагрэс. Але зусім па-іншаму на іх паглядзіш, калі параўнаеш з жытлом, якое ў тыя часы будавалася ў Эўропе”, — кажа супрацоўніца агенцтва нерухомасьці.
“Калі людзі набываюць нерухомасьць, а не чакаюць, што дасьць дзяржава, — гэта прыкмета несавецкасьці”, — разважае спадарыня Сьнітко. — “Але ў той жа Літве нерухомасьць савецкага пэрыяду — стандартныя панэльныя дамы — каштуе нашмат таньней, чым у нас. І так ва ўсіх краінах Балтыі. А ў Эўропе такога жытла няма наагул. Вядома, можна сказаць, у Эўропе нерухомасьць даражэйшая, але каб там былі хрушчоўкі, яны б там прадаваліся за капейкі”.
Тацяна распавядае пра некаторыя асаблівасьці рынку нерухомасьці Менску: “У параўнаньні з Эўропай у нас вельмі вялікія працэнты па крэдытах на набыцьцё нерухомасьці і на будаўніцтва. У Беларусі 11% лічыцца невялікай стаўкай, а ў Эўропе гэта 3—4%. Там людзі шмат што ў крэдыт набываюць. Калі чалавек так выплачвае крэдыт, гэта адчувальна, але ня так, як у нас — паша чалавек на трох працах без выходных і адпачынкаў”.
“Зараз у будаўніцтве пануе эўрапейская тэндэнцыя рабіць вялікія кухні і вялікі сумесны санвузел, але, зь іншага боку, мала хто зараз набывае абсалютна новыя кватэры: іх альбо будуць, альбо набываюць на другасным рынку”, — падкрэсьлівае Тацяна Сьнітко.