А.Клінаў: “Менску не хапае драйву”

  • Міхаіл Раманоускі
Мастак Артур Клінаў адзначае, што ў вялікім мэгаполісе няма актыўнага культурнага жыцьця.

Прыкладам, ён зьдзіўлены, як выжывае горад пры адсутнасьці мастацкіх галерэяў у клясычным разуменьні гэтага слова, а ня некалькіх вялікіх выставачных заляў тыпу Палацу мастацтва ці двух-трох крамаў, дзе прадаюцца карціны.

Артур Клінаў (аўтар кнігі і фотапраекту “Менск – горад сонца”, якія ён прэзэнтаваў у многіх гарадох Польшчы і Нямеччыны, але не ў Беларусі) падкрэсьлівае, што ў сталіцы не адбываюцца такія культурныя падзеі, якія захапілі б калі б ня ўвесь горад, дык хоць бы мастацкую эліту. І сярод прычынаў ён называе адсутнасьць інфраструктуры для гэтага:

“Канешне, у Менску не хапае рэальнага культурніцкага драйву, які адчуваеш, калі прыяжджаеш у Бэрлін, Варшаву ці нават Кіеў. Менск выглядае, ня хочацца, натуральна, крыўдзіць яго, але троху могілкамі, дзе папросту пануе штыль. Калі раптам нейкія падзеі і адбываюцца, дык як выключэньне. Канешне, нейкія цікавыя спэктаклі, выставы здараюцца, але гэта ня той драйв, якога хацелася б”.