Мэдык Ганна Асмалоўская разважае пра мэдычнае абслугоўваньне ў Менску.
“Вельмі часта людзі зьвяртаюцца, калі ўжо позна — бо мэдычная дапамога не заўсёды даступная. Сыстэма пабудаваная так, што людзі абмяжоўваюць зварот да лекараў да мінімуму. Толькі калі іх смажаны певень задзяўбе”, — кажа спадарыня Асмалоўская.
Яна дзеліцца сваімі назіраньнямі: “У паліклініках у нас трубяць, што прыходзьце і зьвяртайцеся — дапамога даступная. Я сама лекарка… Як падумаю, што мне трэба будзе ісьці ў паліклініку, дзе ў мяне няма знаёмых, ахоплівае жах. Я ўяўляю, празь якія бюракратычныя перашкоды трэба будзе прайсьці, каб атрымаць адну даведку”.
“Па маіх назіраньнях, сыстэма страхавой мэдыцыны, якая, прыкладам, ёсьць у Францыі, больш эфэктыўная. Кожны чалавек можа дазволіць сабе пэўны ровень мэдычнай дапамогі, але ў любым выпадку”, — зазначае Г.Асмалоўская.
“Калі Менск найгоршы горад, то што тады казаць пра іншыя беларускія гарады? Мы перабіраліся ў Менск з Гомля 10 год таму, бо думалі, што гэта найлепшы горад”, — кажа спадарыня Асмалоўская, камэнтуючы вынікі дасьледаваньня, згодна зь якім Менск займае найніжэйшае сярод эўрапейскіх гарадоў месца паводле якасьці жыцьця.
“Мы жывем тут 10 год. Галоўная нязручнасьць — мы ня маем сваёй кватэры. Я ежджу на машыне і зь вялікім спачуваньнем гляджу на людзей, якія карыстаюцца грамадзкім транспартам. Сыстэма непрадуманая і не адпавядае патрэбам жыхароў. Я з жахам думаю, што мне трэба праехаць некалькі прыпынкаў на тралейбусе ці трамваі”.