9 чэрвеня віцебскага актывіста Яна Таўпыгу дапытвалі ў Віцебскай абласной управе КДБ больш за чатыры гадзіны. Сёньня сьледчы ізноў паклікаў яго на допыт па справе “лістоў ад “РНЕ”.
Крымінальная справа паводле артыкулу 130.1 “Распальваньне міжнацыянальнай і міжканфэсійнай варожасьці” віцебскі КДБ распачаў 20 траўня гэтага году. Віцебскіх актывістаў, якія ў розны час атрымлівалі ад невядомых асобаў лісты з пагрозамі, падпісаныя “віцебская філія “Русского Национального Единства”, пачалі выклікаць на допыты. Аднак Яна Таўпыгу адзінага з усіх выклікалі другі раз запар.
У выкліканых на допыт бяруць падпіску пра неразгалошваньне таямніцы сьледзтва. З таго, што можна распавесьці, дапытаныя кажуць хіба пра тое, што да сьледчых іх выклікаюць ня позвамі, а праз тэлефон, і некаторыя актывісты лічаць гэта парушэньнем заканадаўства з боку супрацоўнікаў КДБ.