Гарадзенцам лягчэй знайсьці працу ў Польшчы, на якую яны ў большасьці і зарыентаваныя. Аднак, нярэдка яны едуць ў Англію, Гішпанію, Швэцыю і Нарвэгію і ЗША.
Гарадзенцы, да якіх я зьвярнуўся, ня ўзгадвалі пра суседнюю Польшчу. Усе, каго яны ведаюць, працавалі ці працуюць у заходніх краінах. Нават журналіст “Газэты Выборчэй” гарадзенец Андрэй Пачобут кажа: ён ведае толькі людзей, якія працавалі ў Чэхіі ды ў Швэцыі. Сёньня многія спадзяюцца атрымаць “карту паляка”, але яны разьлічваюць хутчэй не на працу ў суседняй краіне, а на тое, каб аднавіць памежны бізнэс, які прыпыніўся пасьля ўводу палякамі шэнгенскіх візаў, зазначыў Андрэй Пачобут.
Першым зь мінакоў, які мне трапіўся ў цэнтры Горадні, быў Уладзімір Пракаповіч, які дванаццаць гадоў рабіў у Чэхіі. Ці адчуваў ён сябе абароненым, ці меў пэўнасьць, што зь ім нічога ня здарыцца?
Пракаповіч: “І на “чорнай” працы, і на афіцыйнай працаваў, нармальна было, вывучыў на 99 адсоткаў чэскую мову”.
Карэспандэнт: “А колькі вы зараблялі ў параўнаньні з чэхамі? Столькі ж ці менш?”
Спадар: “Менш, вядома. Я не зарабіў там грошай, дакладней, зарабіў, але я іх траціў, жыў па-нармальнаму. Больш не хачу, я і тут зарабляю семсот даляраў, а я просты будаўнік”.
Гарадзенскія будаўнікі цяпер самі маюць працу, заробкі павялічваюцца, таму, напрыклад, у Расею езьдзяць менш, чым раней, кажа спадар Пракаповіч.
Я сустрэў хлопцаў, якія вучацца на будаўнікоў і спадзяюцца потым зьезьдзіць у Гішпанію, дзе іхнія знаёмыя рабілі на будоўлі. Дарэчы, на гэтым жа месцы я нейк размаўляў з былым гарадзенцам, сябрам БНФ Сяргеем Навіцкім, які застаўся ў Бэльгіі і цяпер мае ў Брусэлі невялічкую будаўнічую фірму, прычым рабочыя ў яго - палякі.
Ад студэнтаў нярэдка можна пачуць, што сябры працавалі ў Швэцыі, у Нарвэгіі або ў Англіі. Напрыклад, зьбіралі трускалкі.
Маладзён: “Працавалі легальна, але ведалі, што праз чатыры месяцы яны будуць нікому не патрэбныя і трэба будзе вяртацца дадому. Ім трэба было звольніцца, адлічыцца з факультэту, каб паехаць туды. Адновяцца праз год”.
Прычым яны вучыліся на бясплатным, а цяпер давядзецца аднаўляцца на платным. На вучобу яны зарабілі, але ўсё роўна год страцілі, кажа студэнт.
Карэспандэнт: “Дык вы кажаце, што ў Канэктыкуце, у горадзе Брыджпарт пачала стварацца гарадзенская дыяспара?”
Іншы маладзён: “Мой брат год працаваў легальна ў ЗША, у штаце Канэктыкут, будаўніком. Былі свае мінусы - сыстэма аховы здароўя, ён ня меў такой страхоўкі, але не лічыў капейкі. Жыў у раёне, дзе афраамэрыканскае насельцітва, але цяжкасьцяў у яго не было”.
Паводле майго суразмоўцы, у штаце Канэктыкут, у горадзе Брыджпарт пачынае стварацца “гарадзенская дыяспара”. Некаторыя былыя гарадзенцы жывуць там ужо нават па дзесяць гадоў, скончылі прафэсійныя курсы, атрымалі спэцыяльнасьць, маюць жытло, свой бізнэс. Дзеля большай упэўненасьці за мяжой трэба ведаць мову, а брат размаўляў па-ангельску нядрэнна, - кажа мой суразмоўца.