Ці будзе расейскі газ для Беларусі каштаваць з Новага году звыш 200 даляраў? Якія аргумэнты ёсьць у беларускага боку, каб пераканаць Расею зьмяніць формулу ўтварэньня цаны на газ? На гэтыя пытаньні адказвае эканамічны аглядальнік газэты “Белорусы і рынок” Тацяна Манёнак
Цыганкоў: “Амбасадар Расеі Аляксандар Сурыкаў заявіў, што кошт расейскага газу для Беларусі ў 2009 годзе можа скласьці 200 даляраў за тысячу кубамэтраў альбо «крыху вышэй гэтай лічбы, гледзячы па тым, як складваецца сытуацыя». Але, як вядома, у праекце беларускага бюджэту цана на газ закладзена, паводле розных зьвестак, 140-160 даляраў.. Як гэтая супярэчнасьць можа быць разьвязаная?”
Манёнак: “Сурыкаў па сутнасьці не сказаў нічога новага. Ёсьць прагноз Мінэканомразьвіцьця Расеі, паводле якога кошт на расейскі газ для Беларусі з улікам формулы утварэньня кошту складзе на 1 студзеня 203 даляры. Вось беларускі бок і пачаў загадзя рыхтавацца да гэтых цэнаў, а дакладней – вядзе перамовы, каб перагледзець формулу.
Гэты гандаль пачаўся яшчэ напрыканцы 2007 году. Расейскі бок выслухаў усе аргумэнты беларускіх перамоўшчыкаў, але пакуль нічога не аб’явіў наконт кошту на 2009 год. Можна меркаваць, што гэта будзе палітычнае рашэньне. Нездарма ж Сурыкаў таксама заявіў, што недзе летам адбудзецца сустрэча Прэзыдэнтаў Мядзьведзева і Лукашэнкі”.
Цыганкоў: “Ці можна сказаць, што Масква можа даваць Беларусі крэдыты, адтэрміноўкі, але не саступіць формулу ўтварэньне цаны на газ, бо яна дазваляе законна кожны квартал павышаць цэны для Беларусі?”
Манёнак: “Яны, вядома ж, дэкляруюць, што кошт на газ і на гэты год будзе сфармаваны паводле формулы, прывязанай да эўрапейскага кошту. Але ж на самой справе толькі пасьля таго, як сустрэліся Лукашэнка з Пуціным, толькі пасьля іх перамоваў у канцы 2007 году “Газпром” аб’явіў цану газу на гэты год. Так і зараз – цану аб’явяць прэзыдэнты. Бо для Беларусі 200 – гэта вельмі цяжка для эканомікі, гэта будзе цяжка перанесьці.
Я разумею, што Газпрам будзе ціснуць. Але ў Беларусі яшчэ ёсьць козыры. І найперш – магчымасьць пагандлявацца за ўласнасьць, тую, якую цікавіць “Газпром”