Былы дэпутат Вярхоўнага савету 13 скліканьня Вячаслаў Герасіменка 2 гады езьдзіў працаваць у Маскву. Кажа, што яму як гастарбайтэру дапамагаў дыпляматычны пашпарт.
“Нас сабралася 12 чалавек. Старэйшы, які быў за брыгадзіра, пачаў зьбіраць грошы: за інтэрнат, за праезд. Прыехалі ў Маскву. Брыгадзір сказаў, што адлучыцца на нейкі час. Мы прачакалі амаль 5 гадзінаў — ён так і не вярнуўся. Тут мы і зразумелі, куды патрапілі. Апынуліся ў літаральным сэнсе пад плотам”, — узгадвае спадар Герасіменка сваю першую вандроўку на заробкі.
Былы дэпутат перакананы: “Там няма ніякай абароны”.
“Усялякае было. Аднойчы жылі мы ў вагончыку. Яшчэ пашчасьціла, што ў вагончыку. Гаспадар быў вайскоўцам, які некалі служыў у Рэчыцы. Жонка ў яго была з Хойнікаў. Яны беларусаў паважалі. У нас былі яшчэ нармальныя ўмовы — нават тэлевізар быў. А ў суседнім вагончыку безь нічога жылі хлопцы. Той вагончык разам з тымі хлопцамі згарэў”, — кажа В.Герасіменка.
“Мне сама цяжка ўзгадваць, як я бурыў гатэль “Масква”. 12 гадзінаў на нагах з адбойным малатком. Спалі ня болей за 5 гадзінаў на суткі. Харчаваліся толькі гарбатай і “ролтанам”. На працу як дабіраліся, на кожным рагу міліцыя даіла. Я з сабой вазіў газэту з інтэрвію генэрал-лейтэнанта міліцыі, кіраўніка ГУУС Масквы. Ён заявіў, што правяраць рэгістрацыю маюць права толькі ўчастковыя міліцыянты і супрацоўнікі міграцыйнай службы. Ад пабораў мяне яшчэ ратаваў дыпляматычны пашпарт дэпутата Вярхоўнага савету 13 скліканьня, які я насіў з сабой у кішэні”, — дзеліцца ўспамінамі Вячаслаў Герасіменка. Ён дадае: “Адно, што мяне цешыла: калі мае калегі па Вярхоўным Савеце Клімаў і Кудзінаў ляжалі на нарах турэмных, я ляжаў на нарах працоўных”.