Колькі беларусаў ужо працаўладкаваліся за мяжой і зьбіраюцца на заробкі бліжэйшым часам? Афіцыйнай статыстыкі наконт гэтага няма, і лічбы, якія называюць розныя крыніцы, нярэдка розьняцца ў дзясяткі разоў. Аднак нават на дзяржаўным узроўні прызнаецца: у іншыя дзяржавы грамадзяне Беларусі едуць, ня маючы магчымасьці зарабіць на радзіме.
Паводле дзейнай Нацыянальнай праграмы разьвіцьця Беларусі да 2010 году, ад пачатку тысячагодзьдзя з краіны штогод па афіцыйных дамовах і кантрактах зьяжджала амаль 1,5% працаздольнага насельніцтва. Такім чынам, колькасьць легальных працоўных мігрантаў перавышала 80 тысяч кожны год.
“Нелегалаў” распрацоўнікі дзяржпраграмы падлічылі паводле рэшткавага прынцыпу: яны мяркуюць, што прыкладна 50 тысяч беларусаў ад'яжджаюць за мяжу, не папярэджваючы пра гэта ўлады. Бальшыня практыкаў сыходзіцца на тым, што такіх у разы больш. На гэта наводзяць зьвесткі падатковых органаў. Падаткавікі б’юць трывогу: каля мільёна беларусаў ня сплачваюць падаткі. І прыходзяць да высновы, што прынамсі кожны трэці знаходзіць крыніцы прыбытку за мяжой.
Толькі расейскія аналітыкі ацэньваюць беларускую долю на рынку працы ня меней чым у 300 тысяч чалавек. І менавіта Расея, па розных ацэнках, прымае да 80% беларусаў. У часе аднаго з ток-шоў на канале НТВ вядомы расейскі палітык Барыс Нямцоў казаў пра мільён беларусаў, якія стала ці сэзонна карыстаюцца паслугамі расейскіх працадаўцаў.
Найбольшая лічба, агучаная на афіцыйным узроўні, прагучала ад міністра эканомікі Мікалая Зайчанкі. На адным з паседжаньняў Савету міністраў ён заявіў: працоўнымі мігрантамі зьяўляюцца 600 тысяч беларусаў.
Як кажа дырэктарка Навукова-дасьледчага інстытуту працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Сьвятлана Шаўчэнка, бальшыня тых, хто едзе з краіны ў пошуках працы за мяжу, ня мае магчымасьці зарабляць на радзіме. Прычым гэта тычыцца як людзей, якія ўладкоўваюцца на будаўнічыя пляцоўкі ў Расеі, так і студэнтаў, якія намагаюцца ў часе вакацыяў зарабіць у больш аддаленых краінах. Але ў канчатковым выніку кожны перасьледуе свае фінансавыя мэты:
“Яны пагаджаюцца выконваць, шчыра кажучы, працу вельмі цяжкую, пераважна фізычную. Прыкладам, працуюць на зборы памідораў, трускалак. Або ў сфэры абслугоўваньня ў гатэльнай гаспадарцы, мыйшчыкамі ў рэстарацыях, мыйшчыкамі посуду ў кавярнях і барах. Але яны за гэтую працу зарабляюць сродкі, якіх хапае, каб тут, у Беларусі, аплаціць сваё платнае навучаньне ў ВНУ ці вырашыць праблемы, зьвязаныя з жыльлём, з машынай і г.д”.
Цяпер Беларусь уцягнутая ў так званую ланцуговую рэакцыю працоўнай міграцыі. У краінах Заходняй Эўропы ўжо некалькі дзясяткаў гадоў не спадае хваля будаўнічага буму, чым пасьля пашырэньня Шэнгенскай зоны актыўна карыстаюцца працаўнікі-мігранты з усходнеэўрапейскіх краінаў. У сваю чаргу, месцы палякаў, літоўцаў, латышоў, якія зьехалі па большыя грошы ў Нямеччыну ды Італію, займаюць украінцы, малдаване, жыхары іншых пасьлясавецкіх тэрыторыяў. Беларусы звыкла кіруюцца ў Расею — перадусім з-за адсутнасьці межаў і моўнага фактару.
Аднак масавае перамяшчэньне нават у межах так званай Саюзнай дзяржавы сур’ёзна непакоіць кіраўніцтва Беларусі. Неаднойчы чуліся засьцярогі, што нельга дапусьціць, каб пачалася “беззваротная міграцыя”. То бок калі падрыхтаваныя дзяржавай спэцыялісты атрымліваюць лепшыя, чым на радзіме, умовы і застаюцца на чужыне назаўжды.
Цяпер беларуская дыяспара за мяжой, па розных ацэнках, налічвае ад 2,5 да 3 мільёнаў чалавек. Ці будзе яна колькасна павялічвацца — шмат у чым залежыць ад эканамічнай палітыкі дзяржавы.