З 2 да 5 тысячаў эўра падняла Палата прадстаўнікоў вышэйшы парог кампэнсацыі банкаўскіх укладаў фізычным асобам Беларусі.
Сёньня ў другім чытаньні быў ухвалены закон аб кампэнсацыі банкаўскіх укладаў.
Дзеля кампэнсацыяў будзе створана спэцыяльнае агенцтва. Кампэнсацыя прадугледжаная у тых выпадках, калі нейкі беларускі банк збанкрутуе.
Першы намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Павал Калаур, які прадстаўляў закон, параіў грамадзянам класьці грошы ў дзяржаўныя банкі, але паведаміў, што закон датычыць усіх беларускіх банкаў. Улады такім чынам спадзяюцца прыцягнуць больш грошай грамадзян у банкаўскую сыстэму Беларусі. На сёньня валютныя ўклады фізычных асоб складаюць 2 мільярды даляраў.
Ухвалены закон ня тычыцца ўкладаў, зробленых у савецкія часы.