Расейскі пасол Аляксандар Сурыкаў заявіў, што цана газу для Беларусі ў 2009 годзе можа скласьці больш за 200 даляраў за тысячу кубамэтраў. А да 2011 года яна можа перавысіць 400 даляраў.
Гэтая заява расейскага пасла прагучала якраз пасьля нядаўняга саміту СНД, дзе не адбылася двухбаковая сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расеі. Аляксандар Сурыкаў мяркуе, што Дзьмітры Мядзьведзеў і Аляксандар Лукашэнка могуць сустрэцца напрыканцы лета, калі “больш прадметна сасьпеюць пытаньні ў галіне газу”.
Пакуль жа абодва бакі вызначылі свае пазыцыі. У праект беларускага бюджэту на наступны год закладзена цана на газ - 140 даляраў за тысячу кубамэтраў. А расейскі пасол назваў 200 даляраў.
Паводле старшыні сталай камісіі па прамысловасьці, паліўна-энрэгетычнаму комплксу Палаты прадстаўнікоў Анатоля Паўловіча, “якая б ні была цана, але ў любым выпадку трэба рыхтаваць эканоміку”. Ці ўдасца ж афіцыйнаму Менску зьбіць цану на газ?
“Я не магу казаць пра лічбу зьбіць. Заўсёды ёсьць балянс інтарэсаў. Мы вельмі зьвязаныя з расейскай эканомікай. Мы туды пастаўляем нямала камплектуючых. Таму любое падвышэньне цэнаў адбіваецца на росьце цэнаў гэтых камплектуючых для расейскай эканомікі”.
Спадар Паўловіч сказаў, што 200 даляраў у рамках перамоўнага працэсу быць не павінна.
Намесьнік дырэктара расейскага інсытута краінаў СНД Уладзімер Жарыхін заўважае, перш чым закладаць цэны ў бюджэт, трэба было спытаць пастаўшчыка энэрганосьбітаў:
“Калі будзе рух у разьвіцьці саюзнай дзяржавы, то Расея можа пайсьці на больш ільготныя цэны для Беларусі на энэрганосьбіты. Калі ёсьць жаданьне сапраўды актыўна зьнізіць выдаткі на энэргарэсурсы, трэба займацца больш актыўным і сур'ёзным будаўніцтвам саюзнай дзяржавы. І ў эканамічным, і ў палітычным пляне”.
Паводле кіраўніка цэнтра Мізэса Яраслава Раманчука, у заяве Сурыка няма нічога надзвычйанага:
“Расея пачала парыхтоўку да таго, каб альбо дамовіцца зь Беларусьсю на нейкія палітчныя схемы, альбо ўжо газ будзе вельмі хутка набліжацца да 400 даляраў, сусьветнай цаны. 200 даляраў – гэта, насамрэч, не такая ўжо высокая цана ў кантэксьце таго, што робіцца на рынку. Нагадаю, што Туркмэністан сёньня прадае газ для Расеі па 250 даляраў. І чаму Расея нам будзе прадаваць па 140? Безумоўна, 200 даляраў гэта цана ў два разы меншая за рынкавую. І гэта такое паступовае павелічэньне ціску. Відавочна, што стасункі паміж новым прэзыдэнтам Расеі і Аляксандрам Лукашэнкам ня вельмі добрыя. Іх па-сутансьці няма. І таму Расея больш інтэнсыўна пачала працаваць, каб павялічыць ціск на Беларусь”.
Паводле спадара Раманчука, падвышэньне цаны на газ балюча адаб'ецца на энэргаёмістых прадпрыемствах. А жыльлёва-камунальныя тарыфы зноў папаўзуць уверх.
“Мы павінны будзем зацягнуць паясы. Яшчэ дзяржава мае магчымасьць павялічыць даўгі. Але вось два-тры гады да прэзыдэнцкіх выбараў – гэта той рэсурс, які мае наша гаспадарка для таго, каб, безумоўна, ужо патрапіць у вельмі складанае становішча. Адзіным адэкватным адказам афіцыйнага Менску быў бы пачатак сыстэмных рэформаў і дывэрсыфікацыя нашай зьнешняй эканамічнай палітыкі”.