Беларусам у айчынных санаторыях няма месца?

У 2007 годзе больш за 51 тысячу замежнікаў адпачывалі ў санаторыях Беларусі.

У бальшыні гэта – расейскія турысты. Набыць “курсоўку” ў санаторыі ў сэзон амаль немагчыма – у большасьці дамоў адпачынку месцы забраніраваныя да канца верасьня. Чым тлумачыцца рост папулярнасьці беларускіх санаторыяў?

У 2005 годзе беларускія санаторыі наведала 5 тысяч замежных турыстаў, у 2006 – ужо 19 тысяч. Цікавасьць да іх мінулым летам дырэктар Рэспубліканскага цэнтру па аздараўленьні і санаторна-курортным лячэньні насельніцтва Мікалай Мазур назваў “небывалым ажыятажам”. А сёлета супрацоўнікі турыстычнай сфэры зноў параўноўваюць і зноў адзначаюць рост папулярнасьці. У аддзеле ўязнога турызму нацыянальнага турапэратара “Белінтурыст” распавялі:

“Як я заўважыў, то параўнальна зь мінулым годам сёлета папулярнасьць вырасла значна, асабліва за кошт расіян”.

Карэспандэнтка: “А з чым Вы гэта зьвязваеце”?

“У першую чаргу з нашымі коштамі – у нас таньней, чым у Расеі. А другі фактар – даволі высокі ровень абслугоўваньня, у тым ліку тое, што тычыцца лячэньня”.

“Нашы звоняць кожны дзень, але лета ўсё забраніравана нянашымі”

Санаторый “Лясное” ў Віцебскай вобласьці вельмі папулярны ў грамадзянаў Расеі, дый на недахоп беларускіх наведнікаў ніколі не жаліліся. Але сёлета, паведамілі ў “Лясным”, мала хто зь беларусаў мае шанцы туды патрапіць:

“Ужо напачатку года лета практычна ўсё забраніравалі расейскія турфірмы. Так што нашым застаецца толькі тое, што застаецца ад расіян. Калі яны ўсё загадзя забраніравалі, то нашы проста не пасьпяваюць. Яны звоняць кожны дзень, але што зробіш, калі лета ўсё забраніравана нянашымі”.

Карэспандэнтка: “А на Ваш погляд, што найперш прываблівае людзей”?

“У нас, напэўна, – крыясаўна. Холадам лечаць людзей мінус 110 градусаў. Яшчэ ў нас шмат фізыяпрацэдур, душы, водныя працэдуры, басэйн у нас вялізны, лазьня, саўна, спа-капсула, возера ад санаторыя 200-300 мэтраў літаральна. Свая крыніца зь мінэральнай вадой”.

Суразмоўца падзялілася інфармацыяй і пра кошты:

“Паўлюкс прыкладна на 21 дзень 1 мільён 590 тысяч. 12 дзён – 911 тысяч. Для замежных турыстаў – 1 мільён 885 тысяч на 21 дзень. Але для іх гэта наагул... Як яны кажуць, – мы бясплатна адпачываем у вас параўнальна з нашымі”.

Беларускі стэрэатып: няма мора – няма адпачынку

Супрацоўніца рэклямнай агенцыі Сьвятлана доўгі час была перакананая, што добры адпачынак – гэта марскі адпачынак. Аднак летась паводле стану здароўя яна была вымушаная перагледзець пляны. І зь вялікай цяжкасьцю здолела набыць курсоўку у беларускі санаторый. Узгадвае, што ехала туды без асалоды, а пасьля вяртацца не хацелася.

Сьвятлана: “Прапануюць розныя працэдуры: крыясаўна, спа-саўна, масаж... І ўсё гэта вельмі даступна. Параўнальна з Турцыяй: там ёсьць толькі мора. У Беларусі мора няма, але ў санаторыях даюць цэлы пакет мэдычных аздараўляльных паслуг”.

У Беларусі цяпер 101 санаторна-курортная ўстанова. Паводле супрацоўніка “Белінтурысту” Яўгена, найбольшую папулярнасьць маюць санаторыі, якімі валодаюць Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, Беларуская чыгунка, Нацбанк. Ня скардзіцца на недахоп турыстаў і прыватны санаторый “Крыніца” каля Менску:

Яўген: “У першую чаргу, гэта “Прыазёрны” ў Гарадзенскай вобласьці, які належыць Нацбанку. Таксама “Прыазёрны” на Нарачы. Сама “Нарач”, “Беларусь”, “Юнацтва”, “Крыніца”, “Чабарок”, “Энергетык”, “Магістральны”, “Баравое”. Гэта тыя, якія карыстаюцца ўстойлівай папулярнасьцю”.

Немарское СПА на Менскім моры

Інвэстыцыі ў сэрвіс пасьля вяртаюцца наплывам гасьцей. Прыкладам, санаторый “Юнацтва”, на беразе Мінскага мора, нядаўна ператварыўся ў Спа-цэнтар.

“Гэта водна-спартовы комплекс – правільна ён называецца. Цяпер там функцыянуюць 2 басэйны – вялікі і дзіцячы, тры сауны: 2 фінскія, адна турэцкая, джакузі, трэнажорная заля, спартыўная, крыху пазьней будзе спэлео-камэра, фітабар...”

Курсоўкі ў “Юнацтва” раскуплены да канца верасьня. Кошт – ад 68 тысяч 740 рублёў на дзень. Каля 80 адсоткаў гасьцей – расейцы. Таксама, па словах супрацоўніцы, з задавальненьнем адпачываюць грамадзяне балтыйскіх краін.