“Беларускія народныя казкі” ў калекцыі з 10 СD

Лідэр гурту “Палац” Алег Хаменка пры падтрымцы Дзіцячага фонду ЮНІСЭФ прэзэнтаваў аудыёказкі для дзяцей. “Беларускія народныя казкі” выйшлі на 10 кампакт-дысках.

“— Дзеда, дзеда! Раскажы казку!

— Ай, адстаньце малыя!

— Ну, дзеда, ну, раскажы казку!

— Ай, што я вам буду гаварыць, я ўжо ня памятаю!

— Ну, дзеда, дзеда... Раскажы!

Ну, тады ўжо дзед сядзе і скажа нешта вось гэткае”...

Гэтак Алег Хаменка распачаў прэзэнтацыю “Беларускіх народных казак”. Чытаюць казкі лідэр фольк-гурту “Палац” Алег Хаменка, радыёвядучая, пісьменьніца Тамара Лісіцкая і мастацкі кіраўнік калектыву “Калыханка”, адзіная ў Беларусі прафэсійная расказчыца беларускіх народных казак Ларыса Рыжкова. Калі аўдыёказкі займеюць папулярнасьць, сэрыю працягнуць. А папулярнасьць — гарантаваная, лічыць Тамара Лісіцкая, маці двух дзетак:

“Казкі — дэфіцытная рэч наагул. Ратацыя казак вельмі высокая, і іх не хапае ўвогуле. Маем калекцыю ў хаце з дыскаў 40 — і іх заўсёды бракуе. І, натуральна, усе яны на расейскай мове. Беларускіх аўдыёказак няма наагул. Так што гэта яшчэ і місія гэткая сур’ёзная была, я дадатковую адказнасьць адчувала”.

Шмат якія казкі, якія ўвайшлі ў збор, Алег Хаменка запісаў у фальклёрных экспэдыцыях у сярэдзіне і напрыканцы 1990-х гадоў у розных кутках Беларусі.

Кіраўніца “Калыханкі” і адзін з “галасоў” праекту “Беларускія народныя казкі” Ларыса Рыжкова прэзэнтавала адну з казак:

“А ў ліскі, а ў ліскі новы двор, трое дачок на выбор”.

Прысутныя дзяліліся ўражаньнямі:

“Дзеці зараз падрастаюць, і ўсё большая зацікаўленасьць у беларускім. Але недахоп такі ёсьць і ў дарослых. Прага казкі, прага беларускага, прага казачнага і цудоўнага — яна ёсьць”.

На прэзэнтацыі выступілі этна-гурт “Гуда” і дзіцячы калектыў “Калыханка”.

Дыскі зь “Беларускімі народнымі казкамі” ўжо можна знайсьці на паліцах музычных крамаў Менску.