Анжаліку Борыс прызналі арганізатаркай “масавага несанкцыянаванага мерапрыемства” — вулічнага канцэрту польскага гурту “Лёмбард” у Горадні.
Суд аштрафаваў польскую актывістку на сорак базавых адзінак (адзін мільён чатырыста тысяч рублёў).
Рашэньне аб гэтым прыняла судзьдзя Натальля Козел у Ленінскім раённым судзе гораду. Спадарыня Борыс узначальвае Саюз палякаў, які не прызнаецца ўладамі.
Судовы разбор цягнуўся крыху больш за паўгадзіны. На ганак Ленінскага суду выйшлі Анжаліка Борыс і яе адвакат Уладзімір Кісялевіч. Ён паведаміў пра пакараньне, вынесенае спадарыні Борыс, і патлумачыў агульную пазыцыю, якой абое яны прытрымліваліся на судзе.
“Пазыцыя мая як абаронцы і пазыцыя Борыс наступная: гэтае так званае несанкцыянаванае мерапрыемства арганізавала консульства Польшчы. Бо за пяцьдзясят мэтраў ад консульства нельга праводзіць ніякіх мерапрыемстваў, толькі з дазволу консула гэта магло адбыцца. Я зьвярнуў увагу судзьдзі на тое, што візы ўдзельнікам гурту “Лёмбард” рабіла консульства, а ня Борыс. Яна прадставіла толькі консула, выйшла на сцэну, далей консул сам гаварыў і тлумачыў мэту прыезду групы “Лёмбард”. Доказаў віноўнасьці Борыс я ня бачу”, - кажа Кісялевіч.
Анжаліка Борыс сказала, што любы канцэрт — гэта праява культурнага абмену паміж краінамі, таму адміністрацыйны пратакол стаўся для яе нечаканасьцю. Ці ня скончацца тым жа іншыя падобныя канцэрты з удзелам Саюзу палякаў? — пацікавіўся я ў спадарыні Борыс.
“Я думаю, гэта будзе залежаць ад людзей, якія б хацелі, каб справа Саюзу палякаў і ўвогуле меншасьці польскай была нармалізавана. І вось такія паводзіны, калі спачатку адбываецца культурнае мерапрыемства, а потым людзі атрымоўваюць пакараньне, гэта ня сьведчыць пра жаданьне нармалізаваць сытуацыю з польскай меншасьцю”, - распавядае Борыс.
Нагадаю, што днямі за актыўны ўдзел у канцэрце “Лёмбарду” ў якасьці слухачоў былі пакараныя Юры Істомін і Віктар Сазонаў. Першага аштрафавалі на пяцьдзясят базавых адзінак, другога — на трыццаць. Падчас канцэрту яны разам трымалі адзін бел-чырвона-белы сьцяг.