Ці стануць ваенныя камісарыяты сродкам нэўтралізацыі актывістаў дэмакратычнага руху?
Сямён Печанко cлужыў у радыётэхнічным палку ў Наваградку. Пры канцы службы ў 2004 годзе даслаў у “Нашу ніву” ліст са сваімі ўражаньнямі ад войска. А напачатку 2005-га пачаў друкаваць у газэце артыкулы, прысьвечаныя моўнай праблеме ў сучасных Узброеных сілах Беларусі. Пры канцы 2007 году матэрыялы, якія друкаваліся цягам паўгода, увайшлі ў кнігу “У беларускім войску: падарунак прызыўніку”. На падставе свайго армейскага досьведу Сямён Печанко не выключае, што пры жаданьні вайсковая сыстэма можа паставіць за мэту зьбіць імпэт заўзятага апазыцыянэра:
“Цяжка параўнаць зь іншымі спосабамі ўціску — кшталту хатняй хіміі, але ён дастаткова эфэктыўны. Асабліва калі ўлічыць, што ў іх няма вышэйшай адукацыі і ім давядзецца быць ізаляванымі ад грамадзтва максымальны тэрмін — 1,5 года. У войску любая палітычная дзейнасьць забароненая, акрамя ўступленьня ў афіцыйныя моладзевыя структуры кшталту БРСМ. Уся астатняя дзейнасьць можа прывесьці да крымінальнай адказнасьці. Таму спосаб дастаткова эфэктыўны.
У прынцыпе, сама ўстанова дастаткова моцна прыціскае. Павінен быць характар моцны ў чалавека, каб працягваць сваю лінію. Ня тое што рэпрэсіўная машына, але там абсалютна свая атмасфэра, свае ўмовы, свае правілы, і можна ў прынцыпе сказаць, што ўмовы там дастатковыя дзеля таго, каб ізаляваць і троху зьбіць імпэт. Шмат што таксама залежыць ад асяродзьдзя. Калі гэтую магчымасьць будуць выкарыстоўваць да канца, то хутчэй за ўсё зробяць так, каб гэтыя маладыя людзі трапілі служыць у поўную ізаляцыю, каб там не было аднадумцаў. І нават могуць праверыць — ці ня будзе сярод іхных аднагодкаў блізкіх у поглядах людзей? Вельмі складана, калі няма нават з кім размаўляць па-беларуску. Бо адчуваньне, што трапляеш як у іншы сьвет”.