“Перамагчы зло канчаткова можна толькі ў сваёй душы”

Belarus - Svyatlana Aleksiyevich, writer, archive photo

Грамадзкі рэдактар тыдня – Сьвятлана Алексіевіч.

Гэтымі днямі Сьвятлана Алексіевіч сьвяткуе свой юбілей. Яна нарадзілася ў сям’і вайскоўца. Пасьля дэмабілізацыі вярнуліся на радзіму бацькі, у Беларусь. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ (1972). Назвы яе кніг сталі своеасаблівымі прыкметамі часу – “У вайны не жаночы твар”, “Апошнія сьведкі”, “Цынкавыя хлопчыкі”, “Зачараваныя сьмерцю”, “Чарнобыльская малітва”…

У Нямеччыне, Францыі, Японіі яна лічыцца адным з найбольш выдаваемых замежных аўтараў. Тры гады таму Сьвятлана Алексіевіч атрымала галоўную літпрэмію ЗША. Усяго яе кнігі выдадзеныя больш як у 20 краінах сьвету, а ў Беларусі не друкуюць ужо 13 гадоў.

Сьвятлана Алексіевіч: “Цяпер мы ўсе перажываем пэрыяд адзіноцтва і разгубленасьці перад новым жыцьцём, перад новай сыстэмай каштоўнасьцяў. Канечне, Біблію не перапісалі, але… Кожны час існуе ў нейкіх сваіх адказах. Сёньня чалавеку трэба адказаць: што важна, акрамя прыватнага жыцьця?

А мы жывём зараз у час культу прыватнага. Аднак гэты вульгарны пэрыяд хутка пройдзе. Вось мы паезьдзім, паглядзім сьвет і ўбачым: там людзі ўжо не зьвяртаюць увагі, як, напрыклад, апрануты чалавек, што для нас зараз дужа важна. Калі я прылятаю ў Менск, першае што бачу ў аэрапорце, далей у горадзе – жанчыны на высокіх каблуках, намаляваныя, вельмі добра апранутыя, нібыта сёньня ва ўсіх іх нейкае сьвята… А ва ўсім сьвеце тое ўжо нецікава!

У гэтым сэнсе прыйшоў час дэмакратызму, дружалюбнасьці, асабліва я тое заўважыла ў Швэцыі – ды паўсюль. Я была ў кампаніі з каранаванымі асобамі, мільярдэрамі, дык па адзеньні цяжка здагадацца пра сацыяльны ранг чалавека: тыя самыя джынсы, тыя ж акуляры – толькі іншы рахунак у банку.

Усе занятыя абсалютна іншым, калі шукаюць сэнс у жыцьці. Апроч гэтага мінімуму ў грамадзтве спажываньня, да якога мы ірвемся, каб аднаму мець, скажам, “мэрсэдэс”, другому скрыню піва штодня, ёсьць нешта больш значнае.

Сапраўды, з-пад вечка труны не пра тое ж будзе згадваць нябожчык, якія ў яго былі туфлі ці марка аўтамабіля? Зусім не пра тое… Адзін расейскі мільярдэр, які нечакана захварэў і чакаў найгоршага, сказаў мне: я ўсё маю, я ўсё паспытаў, але ў апошнюю мінуту буду ўзгадваць, як піў віно з туфелькі каханай жанчыны.

Атрымліваецца, з сабой чалавек бярэ тое, што – Над. Над матэрыяльным”.

Вось чаму Сьвятлана Алексіевіч прапанавала журналістам Свабоды падрыхтаваць перадачу на тэму “Чым жыве чалавек у сёньняшнім сьвеце?”

Віктар Шалкевіч: “Нават вульгарызм час ад часу можа ўзбагаціць”


Дык як у цяперашніх умовах дух захаваць, разьмінуцца з вульгарным і мэркантыльным? Што думаюць пра гэта прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі?

На погляд барда Віктара Шалкевіча, сьвет трэба ўспрымаць гэткім, як ён ёсьць. Ня варта ставіць на мэце разьмінуцца з мэркантыльным і вульгарным. Бо гэта – частка жыцьця.

Шалкевіч: “Каб людзі жылі ў гэткім сьвеце кастраваным, каб усе былі аднолькавыя, узвышаныя... Але ж жыцьцё, – яно рознае, і людзі розныя. Як казала бабця маёй жонкі: “Лес, дзеткі, няроўны, – і людзі няроўныя”. Таму мы папросту вымушаныя гэта цярпець. Бо ў гэтым сэнс чалавечага існаваньня: сутыкацца, стасавацца з рознымі людзьмі і пры гэтым заставацца самім сабой. А тым больш што і вульгарызм час ад часу можа ўзбагаціць. Раскажу вельмі вульгарную беларускую прымаўку, якую знайшлі беларускія студэнты Інстытуту культуры падчас практыкі. “Ад цяжкай працы будзе гемарой у срацы”. І што? Гэта вульгарызм, але, тым не меней, гэта сьмешна!”

На думку старшыні Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімера Коласа, умець вызначацца – што такое добра, што такое дрэнна, – вось у чым палягае формула зьберажэньня духу:

Колас: “На мой погляд, заходнеэўрапэйская цывілізацыя знайшла нейкую залатую сярэдзіну і здольная атрымліваць асалоду ад тых магчымасьцяў, якія дае сучасны ўзровень разьвіцьця грамадзтва, не губляючы душу і атрымліваючы асалоду перадусім ад нейкіх духоўных каштоўнасьцяў. Вось гэта – тое, што трэба рабіць. А ў нас зараз вось гэтае дзікунскае змаганьне за матэрыяльныя блага за кошт гандлю сумленьнем, духам. Гэта хвароба нашага грамадзтва, якое пакуль знаходзіцца на значна ніжэйшым роўні разьвіцьця у сувязі з нашым праклятым мінулым. Мы перажылі генацыд і дагэтуль яго не прызналі. Не асэнсавалі яго прычыны. Мы славім тое, што прывяло да гэтага жаху. Трэба перадусім карыстацца здаровым сэнсам, сумленьнем і маральнасьцю. А гэта ўсё ёсьць у нашым грамадзтве”.

Намесьнiца старшынi незарэгiстраванага "Маладога фронту" Наста Палажанка пэўная: унутраная чысьціня душы чалавека, ягоная ўнутраная гармонія дапамогуць вытрымаць любыя спакусы і выпрабаваньні зьнешніх абставін.

Палажанка
: “Чалавек, які імкнецца жыць ня толькі дзеля сябе, а дзеля кагосьці, дзеля чагосьці сьвятога, у ягоным сэрцы ня будзе месца мэркантыльнаму і вульгарнаму. Захаваць дух можна толькі пры вельмі моцным грунце душэўным. А, безумоўна, гэты грунт для кожнага маладафронтаўца – гэта ёсьць Бог і пачуцьцё любові да ўсяго, што вакол нас. Калі не згубіць гэтыя найвялікшыя каштоўнасьці, тады на іх і будзе будавацца далейшае разьвіцьцё чалавека, – прага бачыць усё сьветлае, прага быць далучаным да ўсяго самага добрага”.

Валянцін Аскірка: “Народ больш не спадзяецца , нібыта нешта зваліцца зь неба”

Грамадзкі рэдактар тыдня Сьвятлана Алексіевіч параіла нам зьвярнуць асаблівую ўвагу на моладзь, фармаваньне якой адбываецца ўжо ў новых грамадзкіх варунках. Ці сапраўды яна празьмерна прагматычная, як пра тое кажуць людзі старэйшага веку? Як выкарыстоўваюць юнакі і дзяўчаты магчымасьці адкрытага сьвету? Чым ён прываблівае і што трымае дома?

Карэспандэнт: “Якія сёньня прыярытэты ў моладзі: атрымаць вышэйшую адукацыю, ці паехаць за мяжу, ці бізнэсам заняцца? У Беларусі думаеце заставацца, ёсьць пэрспэктывы?”

Хлопец: “Так, спачатку вышэйшую адукацыю трэба, таму што ў Беларусі яна цэніцца. А потым… З нашай спэцыяльнасьцю, канечне, вялікія грошы ня заробіш, таму, можа пайсьці ў іншае рэчышча, іншую спэцыяльнасьць, каб працягнуць…”

Карэспандэнт: “Ну, а сапраўды, каб паехаць за мяжу – ёсьць такое жаданьне?”

Хлопец: “Так, ёсьць, канечне. Ёсьць знаёмыя, якія і застаюцца там, за мяжой”.

Карэспандэнт: “Ну, а што яны робяць там: посуд мыюць на кухні?”

Хлопец: “Не, ёсьць і нармальная праца, ну як, калі лічыцца, што будаўніцтва – гэта нармальная праца, то так. Ёсьць, якія ня хочуць, а ёсьць хто вяртаецца назад”.

Ягоны сябра: “Напачатку я думаю – трэба атрымаць адукацыю, але працаваць па спэцыяльнасьці я не хачу, таму што няма пэрспэктываў на далейшае жыцьцё, заробак ня вельмі вялікі, хачу болей у бізнэс. Але спачатку надзея такая, каб паехаць за мяжу, крышку зарабіць грошай, а потым ужо вярнуцца і тут, у Беларусі штосьці адкрыць сваё, свой бізнэс”.

Карэспандэнт: Ну, а за мяжу куды – у Польшчу, Расею, ці далей – у Амэрыку?”

Хлопец: “У Гішпанію. Туды знаёмыя езьдзілі, не апэльсіны зьбіраць, але на сэзонныя працы, рознарабочымі. Нармальна прывозяць грошай”.

Валянцін Аскірка выкладае фізыку ў гарадзенскім унівэрсытэце, ён адзначае выразную прагматычнасьць сучасных юнакоў і дзяўчат.

“Мне здаецца, народ не спадзяецца на тое, што нешта зваліцца зь неба, кожны ў сваіх імкненьнях разьлічвае на свае ўласныя сілы. Нягледзячы на ідэалягічныя штампы і прышчэпкі, на маю думку, большасьць плянуе сваё жыцьцё, будучыню, зыходзячы з уласнага бачаньня”.

Але выкладчыка засмучае іншае:

“Зроблена нешта штучнае з гэтай вышэйшай адукацыяй, народ, можна нават так выказацца, проста прэцца туды, але не каб мець саму адукацыю, а толькі дзеля таго, што наяўнасьць паперчыны дае магчымасьць дзе-небудзь уладкавацца, у большасьці выпадкаў з дапамогай знаёмых, бацькоў, часам нават ня гледзячы на тое, які дыплём. Карацей, народ практычны вельмі, і на гэтай глебе камбінуюць увесь час”.

Спадара Аскірку засмучае таксама, як бацьку ў тым ліку, і тое, што ён ня бачыць у беларускай сыстэме адукацыі мэтаў на пэрспэктыву – гадаваць інтэлектуальную, навуковую, палітычную эліту.

“Тут, здаецца, абсалютны правал у беларускай адукацыі. Шкада. Растуць свае дзеці, ты іх аддаеш, і каму аддаеш? Абставіны проста лепяць, штампуюць гэтых “віньцікаў”, “болцікаў”. Тут выйсьце адно: або ўсё павінна зьмяніцца, або нічога талковага з гэтага ня будзе”.

Але зьвернемся зноўку да саміх маладых. Пра што яны мараць, на што і на каго спадзяюцца?

Дзяўчына: “Не, усё-ткі болей надзея на сябе, на тое, што самі чагосьці даможамся ў жыцьці. А паехаць за мяжу, канечне, я думаю, гэта мара любой дзяўчыны. Але спачатку думаеш аб прыземленым: напэўна нейкую адукацыю паспрабуем атрымаць тут і на прэстыжную работу паехаць за мяжу, дзе і заробкі лепшыя, і спэцыялісты цэняцца больш, чым у нас”.

Сяброўка: “Мы ж ня можам дазволіць сабе вучыцца паехаць за мяжу ў Гарвард, бацькі ў нас не бізнэсмэны і няма вялізных грошай. Але ёсьць мары і пра нешта высокае, можа, пакуль недасягальную будучыню. Хаця кажуць, што мары ажыцьцяўляюцца, галоўнае паставіць мэту і дамагацца паэтапна яе…”

Карэспандэнт: “Высокае”, я разумею, гэта выйсьці ўдала замуж за каханага чалавека, які ў жыцьці добра ўладкаваўся таксама? Не сакрэт, што папулярныя сёньня конкурсы прыгажосьці, мары паехаць мадэльлю працаваць, ці празь інтэрнэт пазнаёміцца і выйсьці замуж...”

Дзяўчына: “У нас больш рэальныя дзяўчыны. Хаця не магу казаць за ўсіх, толькі за сябе. Адна вядомая пісьменьніца сказала, што некаторыя дзяўчыны ўжываюць аграмадныя высілкі, каб знайсьці мільянэра і ўлюбіць яго ў сябе. Каб яны выкарысталі гэтыя высілкі і пастараліся б зарабіць свой мільён, гэта ў іх атрымалася б значна хутчэй, і гэтага дасягнуць прасьцей, чымсьці знайсьці мужа-мільянэра”.

А што думаюць пра школьную моладзь настаўнікі?

Спадар: “Дзеці сталі больш раскаваныя, больш вольныя ў сваіх думках, яны з больш шырокім кругаглядам, хаця можна спрачацца, што яны мала чытаюць, але ведаюць яны ня менш, у іх іншыя веды могуць быць, чым у нас.

А што да жыцьцёвых прыярытэтаў… Мы жывем у маладой буржуазнай дзяржаве, дзе пры ўсіх асаблівасьцях нашага эканамічнага разьвіцьця, дзеці выбіраюць якія прафэсіі? Эканамічныя, зьвязаныя з камунікацыямі, з прадпрымальніцтвам, якія ў пэрспэктыве дадуць ім магчымасьці зарабіць грошы. Ясна, што гэта і адпаведнае мысьленьне, каштоўнасьці. Калі гаварыць пра беларускае пытаньне, яны ідуць на тры, на чатыры, на пяць крокаў наперадзе ад дарослых. Яны больш гнуткія, і гатовыя павярнуцца ў гэты бок значна прасьцей, лягчэй, і яны гэта хутчэй робяць. Таму надзея на іх — найбольшая”.

Дадам да сказанага, што паводле сацыялягічных апытаньняў, прыблізна 30 працэнтаў маладых людзей так або інакш зьвязваю пошук лепшай для сябе долі з выездам за мяжу.

Камэнтар Сьвятланы Алексіевіч:

“У нейкім сэнсе час у Беларусі цяпер прыпынены палітычна. Але хто такі беларус? Гэта ўсё ж чалавек зь сялянскай мэнтальнасьцю: ён хоча пераменаў, але ня хоча ўзрушэньняў. Многае ў сёньняшняй уладзе яму знаёмае, звыклае, з гэтым людзі мірацца.

А зь іншага боку яны езьдзяць, глядзяць, слухаюць, бачаць сьвет, будуюцца, купляюць нязвыклыя рэчы, частуюцца новай ежай – зрушэньне адбываецца. І яго не спыніць ніякай аўтарытарнай уладзе – хутчэй яна сама будзе мяняцца. Бо грамадзтва разумнее, становіцца больш плястычным, больш дынамічным. Уладзе ад гэтага нікуды не падзецца. Тым больш і Расея ўжо ня стане ўтрымліваць беларускі сацыялізм: усе заклапочаныя ўласнымі інтарэсамі.

Мы ўступілі ў сьвет, дзе няма ілюзій. І да гэтага неабходна быць гатовымі”.

“Мне здрадзіла каханая дзяўчына, таму ня хочацца нічога і згадваць – гэта ж на ўсё жыцьцё…”

Якая падзея ў вашым жыцьці вам найбольш запомнілася? Гэтае пытаньне наш карэспандэнт задаваў людзям на вуліцах Менску.

Малады чалавек: “Мне здрадзіла каханая дзяўчына, таму ня хочацца нічога і згадваць. Гэта адбылося ўчора, а сёньня яна мне ўсё расказала. Вось думаю, што далей рабіць: дараваць, ці што...Нават ня ведаю. Гэта ж на ўсё жыцьцё”.

Спадарыня: “Мае дзеці нарадзіліся ў адзін дзень, дакладна празь пяць гадоў. Таксама раніцай, нават дзень тыдня супаў – пятніца. Гэта цуд. У мяне і бірачкі ёсьць. Вось якое супадзеньне”.

Сябры, студэнты Беларускага сельскагаспадарчага-тэхнічнага ўнівэрсытэту:

“Запомнілася паступленьне ў вядучы ВНУ краіны – БАТУ. Шмат цікавага, новага. На ўсё жыцьцё адаб’ецца”.

“А мне наадварот – непаступленьне. Спрабаваў паступіць ў вайсковую акадэмію, але няўдала, і давялося паступаць у БАТУ”.

Сяргей, прадпрымальнік: “Пачатак каляніяльнай вайны ў Аўганістане, у якой я браў удзел. Там задумаўся: што мы робім у гэтай краіне? Чужой нам, беднай. Канешне, асэнсаваньне ўсяго прыйшло пазьней”.

Юры, студэнт: “Запомнілася найбольш, як катаўся на кані і падаў. Не, не пабіўся, навучыўся і цяпер не баюся коней. Каня звалі Каштан, гэта быў школьны конь. Яго тата даглядаў. Было гэта ў Менскай вобласьці, Бярэзінскі раён. Вёска Сяліба. Скончыўшы ВНУ, я, пэўна, туды вярнуся. Вёска цягне, там прайшло дзяцінства. Але потым я зноў прыеду сюды, у горад. Тут заробкі значна большыя”.

Працаўнік гадзіньнікавага заводу: “Нараджэньне дзяцей. Тое, што кватэру пабудаваў, хіба гэта важна. Дзяцей у мяне трое, але асабліва я рады трэцяму. Можа, таму, што не хацеў яго, калі шчыра, а зараз, калі ён расьце, тым больш гэта дзяўчынка, усё ў душы перавярнулася. Разумею цяпер, які быў дурань, што не радаваўся зьяўленьню гэтага дзіцёнка”.

Школьніцы-сяброўкі: “У Менск на выходныя прыяжджаў нямецкі рок-гурт “Панік”. Гэта было супэр. А галоўнае, упершыню нам ўдалося ня толькі пабываць на канцэрце, але й пагаварыць з музыкамі. Аказалася, такія добрыя людзі. Добразычлівыя, шчырыя. Мы зь імі размаўлялі па-ангельску. Гэта было ўпершыню ў жыцьці, што мы паразмаўлялі з артыстамі. Прычым не абы якімі – беларускімі ці расейскімі, а з Эўропы. Як сябры пагаварылі. Чым яны цікавей? Іншая краіна, іншы мэнталітэт. Замежнае, яно невядомае, але і больш цікавае адначасова”.

Хлопец. “Мяне вельмі зачапілі рыцарскія турніры, якія праходзяць у нас у Лідзе. Гэтая старына, быт... Глядзіш у гэты час на горад, і ён вельмі добра кладзецца ў 18-е стагодзьдзе. Мне й самому даводзілася браць меч ды шчыт, надзяваць браню. Вельмі добра!”

Раіса Катлярова: “Я б вярнула пах яблынь, бо цяпер прырода цяпер так ня пахне, нібыта яна дэкаратыўная…”

Гераіні наступнага матэрыялу – Лілія Міхайлаўна Кузьменка ды Раіса Мікалаеўна Катлярова. За іхнымі плячыма вялікае жыцьцё. Яно ў іх склалася па рознаму. Лілія Кузьменка жыла ў Вільні, зналася зь вядомымі людзі. Да пэнсіі выкладала ў Магілёўскай вучэльні культуры. Раіса Катлярова вучылася ў Наваградку, больш за трыццаць пяць гадоў адпрацавала таваразнаўцам у Магілёве.

Што цэняць паважаныя спадарыні ў пражытым? Пра што шкадуюць у цяперашнім дні і чаго жадаюць моладзі?

Тое што было, засталося ззаду, зазначае Лілія Міхайлаўна:

“Нічога нельга вярнуць, толькі можна ўспамінаць. І шкадаваць пра гэта ня трэба, бо ёсьць толькі сёньняшні дзень. І толькі сёньняшні дзень, з майго пункту погляду, трэба любіць і шанаваць. І толькі сёньняшнім днём трэба радавацца”.

Раіса Катлярова хацела б вярнуць колішнюю прыроду, вясковую цеплыню адносінаў між людзьмі, ветлівасьць ды павагу:

“Пах яблынь, пах сьвежага хлеба. Шмат чаго. Уся прырода цяпер так ня пахне, нібыта яна дэкаратыўная. Я памятаю свайго тату. Ён вітаўся, здымаючы капялюш. А як праводзілі ў войска хлопцаў? Усе людзі выходзілі да сваіх весьнічак, і хлопец ішоў і з усімі разьвітваўся за руку з кожным”, –згадвае Раіса Мікалаеўна.

Шкадуе Лілія Кузьменка пра страчаных назаўсёды дарагіх ёй людзей, сяброў. У Вільні яна сябравала з Зоськай Верас:

“Я яе тады ведала як Людвіку Антонаўну. Я ведала й сябравала, калі была юнай, зь ейным сынам, ён вярнуўся, Антон Фабіянавіч Шантыр, з ГУЛАГаў у 1958 годзе. Да таго часу, пакуль я не пазнаёмілася з Антонам, я была вельмі савецкі чалавек, і ён мне на ўсё расплюшчыў вочы”.

У сямнаццаць гадоў Лілія Кузьменка пазнаёмілася з Валянцінам Ермаловічам, братам вядомага беларускага гісторыка Міколы Ермаловіча. Валянцін заснаваў у Магілёве самадзейны тэатар. У ім Лілія Кузьменка выступала. Валянцін Ермаловіч памёр у 2003 годзе:

“Во гэта таксама вялікая страта. У мяне больш такога сябра няма. І мусіць ня будзе...”

У сваю чаргу Раіса Мікалаеўна жадае моладзі, каб тая больш увагі надавала чытаньню твораў беларускіх клясыкаў – Янкі Купалы, Якуба Коласа, Янкі Брыля, Івана Пташнікава, Вячаслава Адамчыка ды іншых:

“Якая ў іх мова цудоўная. Я з замілаваньнем чытаю кожную старонку. Пачуцьцё такое, што ты жывеш гэтым”.

Раіса Мікалаеўна ўпэўненая: калі малады чалавек убачыць у творы блізкае для яго беларускае слова, чутае некалі ад сваёй маці ці бабулі, абавязкова не ўстаіць, каб знайсьці яшчэ адно. Менавіта так і яна прыйшла да сваёй беларушчыны.

Лілія Міхайлаўна сябруе з моладзьдзю, бо зь людзьмі сталага веку ёй не цікава. Сёньняшняй моладзі, лічыць яна, не хапае прастаты й рамантыкі.

“Трэба цаніць таго, хто побач з табой. Няхай гэта сябар твой і нават твой вораг. Стаўся да яго добра. Бо й вораг можа памерці, тады ня будзе з кім змагацца”.

Марыйка Мартысевіч: “Беларуская няшчаснасьць, пэсымізм татальны мне не здаюцца чымсьці заганным”

Інтэрнэт-партал World Database of Happiness (Сусьветная база зьвестак пра шчасьце) днямі выклаў вынікі дасьледаваньняў, у якіх назваў самыя шчасьлівыя і няшчасныя краіны сьвету. Замыкаюць той сьпіс зь 95 краінаў Беларусь і Малдова. А першыя пазыцыі ў хіт-парадзе шчасьлівых краінаў займаюць Швэйцарыя і Данія. Чаму беларусы лічаць сябе няшчаснай нацыяй?

Чалавек сталага веку, які шмат перажыў, шмат чаго дасягнуў у жыцьці, акадэмік Радзім Гарэцкі катэгарычна не пагаджаецца, што беларусы – адны з самых няшчасных у сьвеце:

“Мы не такія ўжо няшчасныя, каб быць на нейкім сотым месцы ў сьвеце. Енкі ёсьць у многіх нашых людзей, якія нечым не задаволеныя, але і супрацьлеглае ёсьць таксама – тое, што наш народ зь вялікім пачуцьцём гумару. Мне здаецца, што ўсё ж такі аптымістычны момант пераможа ў нашым народзе. Адзінае, чаго не хапае – самасьвядомасьці.

На жаль, і Васіль Быкаў быў вельмі пэсымістычным, і Алексіевіч – яны ж аб гэтым выказваліся не адзін раз. Але талент, працавітасьць, дабрыня – яны перамогуць. І гумар! Я думаю, што мы, як некалі чэхі, іншыя народы, возьмем месца сваё дастойнае з часам”.

Маладая беларуская літаратарка Марыйка Мартысевіч, якая прэзэнтавала сваю першую кнігу эсэ ў вершах і прозе “Цмокі лятуць на нераст”, па-філязофску ставіцца да пэсымізму свайго народу:

“Ёсьць рысы характару, напэўна, прапісаныя ўмовамі жыцьця, антрапалягічна, этнічна. Гэта беларуская няшчаснасьць, пэсымізм татальны мне не здаюцца чымсьці заганным. Я не заклікаю іх культываваць, але мне здаецца, што яна таксама цягне на рысы нацыянальнай ідэнтычнасьці. Тое, што беларуса можна пазнаць у сьвеце па тым, што ён скардзіцца на жыцьцё, канечне, кепска, але – чаму не? Таксама нейкая адметнасьць.

Добра, што гэты сьвет стварылі шчасьлівыя людзі, таму што цяпер шчасьце і ўсьмешка – гэта стандарт. Але заганяцца таксама часам бывае карысна. Кепска, што гэта ператвараецца ў павальную зьяву, бо адсюль хваробы, млявасьць, абыякавасьць да жыцьця. Але маркотны беларус мне так жа блізкі, як і вясёлы беларус. Я ня думаю, што гэта вялікая трагедыя”.

Культуроляг, этнограф Антаніна Хатэнка перакананая, што, па-першае, сам панятак шчасьця – ёсьць абсалютная ўмоўнасьць. Тое, што ёсьць шчасьцем для аднаго, можа быць няшчасьцем для другога, і наадварот:

“Калі ўжо браць абстрактную катэгорыю, адасобленую, і выводзіць формулу шчасьця паэты спрабавалі ва ўсе вякі, то, можа, беларус тым і шчасьлівы, што ён не прыдумляе зь сябе нічога, акрамя таго, кім ён ёсьць. Амэрыканская славутая ўсьмешка – яна ж поза, кляўнада. Насамрэч у кожным чалавеку віруюць яго няшчасьці, трывогі, надзеі, расчараваньні – усё ў адным клубку...

Але, мне падаецца, што наша жальбаваньне праз стагодзьдзі стала звычкай, рэфлексам. У нас жа ёсьць яшчэ адна характарыстыка відавочная – людзі хваляцца адно перад адным няшчасьцямі: а я перажыў столькі, а ты столькі не перажыў. Пэўна, у беларусаў гэта і ёсьць паняткам шчасьця – пажаліцца адно другому, паскардзіцца, і ў гэтым нейкі падвышаны статус. Парадокс – але гэта ёсьць. А чым не парадокс – амэрыканская ўсьмешка? У нас такая абарончая рэакцыя на ўсе праблемы жыцьця”.

Камэнтуе Сьвятлана Алексіевіч:

“Сёньня гаварыць з маладымі цяжка нават пэдагогам – трэба шукаць нейкія новы словы, высновы. Калі яны праходзяць са школьнікамі літаратуру дзевятнаццатага стагодзьдзя, трэба ж дастаць зь яе нейкі новы сэнс. Бо дзеці выходзяць на вуліцу, а там зусім іншае!

Я выступала неяк, а мне адзін хлопчык раптам кажа: “Гогалеўскі Чычыкаў – насамрэч станоўчы герой: знайшоў выдатную бізнэс-ідэю, робіць бабкі зь нічога!” Настаўніца пасьля тых слоў абсалютна разгубілася… Перад тым вучнем. Бо яна фактычна зь мінулага часу, а дзеці – з найноўшага.

Кожнаму з нас трэба прайсьці свой шлях у сёньня, да новых каштоўнасьцяў. Досьвед такога шляху мусіць напрацаваць усё грамадзтва. Акрамя нейкіх вельмі важных базавых рэчаў – дзяржаўны, скажам, сьцяг ці нацыянальная ідэя, ёсьць яшчэ ідэя жыцьця кожнага з нас.

І вось гэтую працу мы можам рабіць пры любым рэжыме, пры любой сытуацыі. Калі кожны праробіць яе, тады, напэўна, памяняецца і нашае агульнае жыцьцё. Тады зразумеем, куды нас выкінула, што мы будуем, што можам пабудаваць.

Урэшце, ня варта думаць, што недзе там ёсьць адказы. Гэта раней нам здавалася: за “жалезнай сьцяной” – недзе там, у Эўропе, ёсьць адказы. Не, там таксама вельмі шмат пытаньняў, таксама чалавек зайшоў у тупік...

Нашая адметнасьць яшчэ і ў тым, што мы пакуль вырашаем праблему мінімуму, праблему годнасьці. А потым пытаньні па жыцьці пачнуць яшчэ больш ускладняцца. Таму сёньня самая вялікая праца для нас – зрабіць сябе ж.

Апошнім часам, калі працую над новай кнігай, я вельмі шмат думаю над наступным. Чалавек вечна боўтаецца паміж дабром і злом. Перамагчы апошняе ў сьвеце немагчыма – ідэі сусьветнай рэвалюцыі зусім не дапамогуць тут, не…

Мы можам ашчасьлівіць ад сілы некалькіх чалавек побач з сабой.

А перамагчы зло канчаткова можна толькі вось у сваёй душы.

Але і гэта – ужо нямала”.


Наступным грамадзкім рэдактарам тыдня будзе гісторык, дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, намесьнік старшыні Камісіі ВС па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны, старшыня Камісіі па забесьпячэньні адзінай палітыкі выкарыстаньня дзяржаўных сымбаляў РБ пры Прэзыдыуме Вярхоўнага Савету Алег Трусаў. Ён прапанаваў нашым карэспандэнтам падрыхтаваць перадачу на тэму: “Вяртаньне нашых каштоўнасьцяў: праблемы рэстытуцыі”.