Для Ўкраіны газ падаражэе ўдвая. А для Беларусі?

В.Юшчанка і Дз.Мядзьведзеў

У Санкт-Пецярбургу праходзіць саміт СНД. На сустрэчу бяз гальштукаў прыбылі кіраўнікі ўсіх дзяржаваў Садружнасьці.

Журналісты, якія асьвятляюць падзеі ў паўночнай сталіцы Расеі, найперш зьвяртаюць увагу на сустрэчу Дзьмітрыя Мядзьведзева зь Віктарам Юшчанкам. Расейскі прэзыдэнт заявіў: кошт газу для Ўкраіны ад 2009 году ўзрасьце амаль удвая.

Такое значнае падвышэньне спадар Мядзьведзеў тлумачыць тым, што краіны Цэнтральнаазіяцкага рэгіёну, якія раней прадавалі свой газ таньней, пераходзяць на эўрапейскія цэны. А газ з гэтых краінаў праходзіць па тэрыторыі Расеі.

Як падвышэньне кошту азіяцкага газу можа адбіцца на Беларусі? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да экспэрта ў галіне энэрганосьбітаў Валянціна Мацкевіча. Той кажа, што вельмі цяжка сказаць, колькі дакладна азіяцкага газу ідзе ў Беларусь:

“Калі газ пампуецца, калі ён ідзе па сетках, па трубах, дык ёсьць павароты. І, прыкладам, газ, які ідзе зь Сібіры ці з Поўначы, у нейкіх месцах ідзе ў той жа пункт, што і азіяцкі газ. А потым — зноў разгалінаваньне. Таму тут вельмі цяжка сказаць. Калі азіяцкі газ увайшоў у расейскую сыстэму, то далей можна казаць, што знакава яго няма”.

Спадар Мацкевіч лічыць, што падвышэньне коштаў азіяцкага газу аўтаматычна пацягне за сабою і рост коштаў для Беларусі. Усё пытаньне тут, на думку экспэрта, — у тым, наколькі канкрэтна блакітнае паліва для Менску стане даражэйшым.

Валянцін Мацкевіч упэўнены, што рост адразу ўдвая — гэта адказ Украіне на яе жаданьне ўступіць у NATO і вывесьці расейскі Чарнаморскі флёт. Таму для Беларусі рост ня будзе такім значным:

“Узьдзеяньне ўкраінскай цаны будзе спрыяльным для Беларусі. Я думаю, Расея прадэманструе кантраст: у Беларусі шчыльныя дачыненьні з Расеяй, значыць, вось і кошт такі. А для тых, хто ідзе ў NATO, зусім іншы — высокі”.

Яшчэ да афіцыйнага адкрыцьця саміту Дзьмітрый Мядзьведзеў сустракаўся асобна з прэзыдэнтамі Малдовы, Украіны, Туркмэністану, Азэрбайджану, Узбэкістану і Армэніі. На суботу заплянаваныя размовы прэзыдэнта Расеі з кіраўнікамі Кыргызстану і Таджыкістану.

Аналітыкі зьвяртаюць увагу на сёньняшняе выказваньне Сяргея Прыходзькі — памочніка Дзьмітрыя Мядзьведзева. Той, у прыватнасьці, адзначыў: “На стадыі абмеркаваньня знаходзіцца пытаньне аб сустрэчы з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Але ў двух прэзыдэнтаў у любым выпадку будзе магчымасьць пакантактаваць цягам саміта”.