Сэксуальная разбэшчанасьць моладзі масавая зьява ?

Наведнік рубрыкі “Дай заданьне Свабодзе” Кастусь Шыталь з Глыбокага піша: “Хацелася б пачуць на хвалях “Свабоды” пра такія праблемы, як сэксуальная разбэшчанасьць моладзі — каб выказаліся і сьвятары, і сама моладзь, і якія-небудзь адмыслоўцы”.

У Беларусі, паводле інфармацыі экспэрта праекту “Здаровая сям’я” па пытаньнях мацярынства, дзяцінства, рэпрадуктыўнага здароўя Алены Русаковай, кожная 13-я дзяўчынка пачынае сэксуальнае жыцьцё да 14 гадоў, кожная пятая — да 16 гадоў. Бальшыня беларускіх дзяўчат да 20 гадоў ужо мае досьвед сэксуальных адносінаў. Дарэчы, беларуская статыстыка ў гэтым нічым не адрозьніваецца ад усясьветнай.

7% родаў адбываюцца ў дзяўчатак ва ўзросьце да 16 гадоў.

Лекар-гінэколяг Ларыса Маўрышчава выказвае агульную заклапочанасьць мэдыкаў:

“Раньні пачатак полавага жыцьця, частая зьмена полавых партнэраў павялічвае рызыку заражэньня рознымі інфэкцыямі, якія перадаюцца палавым шляхам, у тым ліку і вірусам папілёмы чалавека 16 і 18 тыпу, які зьяўляецца высокаанкагенным і павялічвае рызыку разьвіцьця раку шыйкі маткі”.

У Беларусі 7% родаў адбываюцца ў дзяўчатак ва ўзросьце да 16 гадоў. Цікавае стаўленьне маладых жанчынаў да раньняга сэксуальнага дэбюту. Алена Русакова спаслалася на сацыялягічнае дасьледаваньне, праведзенае ў Пэдагагічным унівэрсытэце імя Танка, паводле якога 69% дзяўчат не шкадуюць аб тым, што здарылася.
У 13—14 гадоў колькасьць абортаў рэзка павялічылася

Лекар-гінэколяг Ларыса Маўрышчава абвяргае афіцыйную статыстыку, што, маўляў, сытуацыя з абортамі ў непаўналетніх палепшылася, што дзеці сталі больш адукаванымі ў сэксуальным пляне. Проста ўсё больш дзяўчат-падлеткаў са сваімі праблемамі цяпер зьвяртаецца ананімна ў камэрцыйныя мэдычныя цэнтры, а не да ўчастковага гінэколяга:

“Выпускніцы 11-х клясаў, якім зараз па 17—18 гадоў — ну проста плынь зараз ідзе перарываньня цяжарнасьці, на вакуўм! У 13—14 гадоў колькасьць абортаў таксама рэзка павялічылася”.

Цікава, што статыстыкі — у якім веку атрымліваюць першы сэксуальны досьвед хлопчыкі, няма.

16-гадовы Антон не адмаўляе, што некаторыя хлопцы таксама рана пачынаюць сэксуальнае жыцьцё, але часьцяком ягоныя аднагодкі і проста распавядаюць пра тое, чаго не было:

“Я лічу, што ў бальшыні выпадкаў маладыя людзі думаюць, што яны пададуцца больш дарослымі, калі будуць казаць, што яны займаліся сэксам. Гэта будзе падвышэньнем іх самаацэнкі, на больш высокі ўзровень, чым быў да быццам бы да сэксу. Ніхто дакладна ня ведае, праўду ён кажа ці не, але такія выпадкі сустракаюцца, калі чалавек кажа, што займаўся сэксам, а на самой справе ён нічога насамрэч не рабіў, а распавядаў пра гэта аднагодкам, каб самасьцьвердзіцца ў нейкай кампаніі ці групе людзей”.


“Джульета ў 14 гадоў таксама зьбіралася замуж”

Маці 15-гадовай дзяўчынкі спадарыня Галіна, зь якой дачка дзеліцца сваімі праблемамі, перакананая:
Заўсёды былі такія людзі, ва ўсе часы.


“Наконт раньняга палавога жыцьця. Мне здаецца, заўсёды былі такія людзі, ва ўсе часы. Хтосьці раней, хтосьці пазьней пачынаў. Калі ў дзіцяці ёсьць галава на плячах, калі ў яго ёсьць нармальныя бацькі, якія зь ім кантактуюць і якім ён давярае, я думаю, дзіця будзе думаць, перш чым такія крокі рабіць. Нельга агулам вінаваціць, што зараз пакаленьне разбэшчанае, а раней былі іншыя. Нават Джульета ў 14 гадоў ужо замуж выходзіла, дык што цяпер?”

Ці ёсьць сынонімы “разбэшчанасьць” і “раньняе палавое жыцьцё” — пытаньне сапраўды спрэчнае — спадарыня Галіна ўзгадала тую ж самую шэксьпіраўскую Джульету.


“Пазашлюбны і дашлюбны сэкс — гэта ёсьць зло”

Царква, касьцёл заўсёды былі супраць пазашлюбных сэксуальных адносінаў. Адзін зь сябраў аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай хрысьціянска-дэмакратычнай партыі Аляксей Шэін перакананы:

“У чалавечай маралі ёсьць эталён, па-першае, і ёсьць сэнс. То бок яна мае свой пэўны рэзон, і рэзон паўнавартасны. Гэтыя законы мы можам пабачыць у Сьвятым пісаньні, у Бібліі. На маю думку, вельмі нелягічна казаць, што штосьці з гэтых законаў састарэла, а штосьці актуальнае. Калі мы прымаем маральны закон “Не забі”, то мы павінны прымаць і іншыя законы, якія ёсьць у Сьвятым пісаньні. То бок пазашлюбны сэкс і дашлюбны сэкс — гэта ёсьць зло, гэта кепска”.


“Пазнаёміліся на дыскатэцы — і адразу ў кусты?”

Псыхоляг Жанна Міцкевіч, якая працуе ў Цэнтры дапамогі сям’і, лічыць, што праблема ў іншым — многія маладыя людзі ня зьвязваюць сэкс з сапраўднымі пачуцьцямі, з чымсьці высокім і ўзьнёслым:

“Гэта праблема, якая патрабуе працы з моладзьдзю. Працы прафіляктычнай, я б сказала. Дзеля таго, каб разумелі, што сэкс — гэта не задавальненьне нейкіх жывёльных інстынктаў — атрымаў і пайшоў. Што можаш пабачыць сёньня на дыскатэцы: яны толькі пазнаёміліся і ўжо пайшлі адразу, прабачце, у кусты. І таму моладзь часьцяком ставіцца да сэксу інакш, ну, як узяць вады папіць. А ўсё ж такі з сэксам зьвязанае пераважна вялікае-вялікае эмацыйнае напружаньне, эмацыйная сфэра чалавека, гэта прыняцьцце другога чалавека”.

Падлетак Антон у нечым пагаджаецца з псыхолягам Жаннай Міцкевіч, але кажа і пра сваё стаўленьне да гэтага:

“Так, нейкая дыскатэка ці проста зборышча людзей — гэта вельмі даступна ў наш час. Па сваёй матывацыі, па сваім выхаваньні я вельмі далікатны ў такіх сытуацыях. Я ня буду спаць (скажам так — спаць) зь нейкай выпадковай дзяўчынай, я б хацеў лепш ведаць чалавека, хацеў бы больш сур’ёзных адносін”.