Беларускія палітыкі, якія сышлі ў адстаўку на знак пратэсту, камэнтуюць учынак Вольгі Сяньковай.
Учынак былой дырэктаркі салігорскай школы № 4 Вольгі Сяньковай, якая сышла ў адстаўку, але адмовілася выключаць са школы вучня на загад уладаў, абмяркоўваюць былыя высокапастаўленыя чыноўнікі, якія таксама сыходзілі са сваіх пасадаў на знак пратэсту.
Былы намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Саньнікаў падаў у адстаўку ў лістападзе 1996 году, пратэстуючы супроць правядзеньня рэфэрэндуму, які адкрываў шлях да канцэнтрацыі ўлады ў краіне ў адных руках. Андрэй Саньнікаў гэтак пракамэнтаваў учынак дырэктаркі Салігорскай школы № 4 Вольгі Сяньковай:
“Гэта вельмі мужны крок, яго можна толькі вітаць. Ён дае нам усім надзею. Надзею і на тое, што ў краіне ёсьць сумленныя людзі, гатовыя бараніць ня толькі сваю годнасьць. У дадзеным выпадку — і годнасьць сваіх вучняў. Такія людзі могуць і павінны быць прыкладам.
На жаль, апошнім часам мы ўсё радзей чуем пра такія ўчынкі. Мы ведаем, што шмат людзей незадаволеныя існуючымі парадкамі, але яны абіраюць канфармісцкі, прыстасавальніцкі шлях. Думаю, што гэта так ці інакш на іх адаб’ецца, бо нельга верыць у іншае і адначасова служыць гэтаму рэжыму, нельга жыць працяглы час падвойным жыцьцём. Гэта складана псыхалягічна і нават фізычна”.
Андрэй Саньнікаў згадаў свае перажываньні падчас сыходу ў адстаўку на знак пратэсту. Паводле яго, псыхалягічна зрабіць гэта было вельмі цяжка, бо давялося адразу “разарваць шмат сувязяў”, “адмовіцца ад прывычнага жыцьця”. “Але адначасова я адчуў гонар, бо зрабіў сумленны крок, і палёгку, бо пазбавіўся неабходнасьці крывадушнічаць”.
Аляксандар Сасноў быў міністрам працы ў першым урадзе пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. І таксама сышоў у адстаўку на знак пратэсту супроць рэфэрэндуму 1996 году. Учынкам Вольгі Сяньковай былы міністар захапляецца і адначасова спачувае ёй, як і ўсім прыстойным людзям, якія працуюць у дзяржаўных структурах:
“Там вельмі несалодка працаваць сумленным людзям, нават не магу сказаць, як доўга там магчыма ім пратрымацца. На мой погляд, калі цябе прымушаюць зрабіць нешта насуперак сумленьню, то нічога не застаецца, як сысьці з такой працы. Толькі ў ненармальнага чалавека можа быць выбар — застацца, а нармальны мусіць сысьці. Яму будзе цяжка, але што рабіць, трэба трываць, такі твой маральны выбар”.
Паводле Аляксандра Саснова, шмат хто з кіраўнікоў у прамысловасьці і ў адміністрацыйным апараце выконваюць незаконныя загады таму, што баяцца “стаць ахвярай крымінальнага перасьледу ды судовай сваволі”.
У 1995 годзе сышоў з пасады кіраўніка ўправы інфармацыі адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Фядута. Кажа, што ягоныя спробы спыніць першы масіраваны ціск на мэдыі аказаліся марнымі, таму нічога не заставалася, як сысьці самому. Раней Аляксандар Фядута сам працаваў у школе і ўчынак Вольгі Сяньковай прыняў вельмі блізка да сэрца:
“Разумееце, дырэктар — гэта ж ня толькі настаўнік, але яшчэ і адміністратар. Увесь гэты час яна павінна была рабіць нейкія крокі насуперак свайму сумленьню. Але ў яе была магчымасьць апраўдваць гэта. Маўляў, тое, што яна робіць, у нейкай пэрспэктыве пойдзе на карысьць дзяржаве і на карысьць яе вучням. Вось зараз яна ўбачыла, што пэўнаму яе вучню, Івану Шылу, будзе горш ад яе ўчынку. І гэтага яна не змагла пераадолець. Яна не змагла адмовіцца, уласна кажучы, ад таго, што яна настаўнік. За гэта яе можна і патрэбна паважаць”.