Аляксанар Сасноў працаваў міністрам працы ў першым урадзе пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Сыйшоў у адстаўку на знак пратэсту ў лістападзе 1996 году. Кажа, што іншага выбару для яго не было, бо “ня мог удзельнічаць у падрыхтоўцы фальсыфікацыі рэфэрэндуму аб зьменах у Канстытуцыю”.
Былой дырэктаркай салігорскай школы № 4 Вольгай Сяньковай былы міністар захапляецца і адначасова спачувае ёй, як і ўсім прыстойным людзям, якія працуюць у дзяржаўных структурах:
“Там вельмі несалодка працаваць сумленным людзям, нават не магу сказаць, як доўга там магчыма ім пратрымацца. На мой погляд, калі цябе прымушаюць зрабіць нешта насуперак сумленьню, то нічога не застаецца, як сыйсьці з такой працы. Толькі ў ненармальнага чалавека можа быць выбар — застацца, а нармальны мусіць сыйсьці. Яму будзе цяжка, што рабіць, трэба трываць, такі твой шлях”.
Вельмі несалодка працаваць сумленным людзям
Згадваючы сваю адстаўку, Аляксандар Сасноў сказаў, што ў яго была пэўная небясьпека — замест згоды на адстаўку ўлада магла даць загад прыдумаць супроць яго крымінальную справу:
“Ніякіх падстаў дзеля гэтага ня трэба — возьмуць пад рукі і павядуць, куды трэба. І нічога ня зробіш”.
Паводле Аляксандра Саснова, шмат хто з кіраўнікоў у прамысловасьці і ў адміністрацыйным апараце выконвае незаконныя загады менавіта таму, што можа “лёгка стаць ахвярай крымінальнага перасьледу ды судовай сваволі”.