Сёньня ў Брусэлі завяршаецца спэцыяльная парлямэнцкая канфэрэнцыя ў справе палітыкі добрасуседзтва. Дэпутаты Эўрапарлямэнту зрабілі акцэнт на шэсьць былых рэспублікаў СССР, уключаючы Беларусь.
Ініцыяваў канфэрэнцыю парлямэнцкі камітэт па супрацоўніцтве Эўразьвязу з Азэрбайджанам, Армэніяй, Грузіяй, Малдовай. Украінай і аб’яднанымі дэмсіламі Беларусі. Пяць названых краінаў прадстаўляюць парлямэнтары, а Беларусь — апазыцыйныя палітыкі: Вінцук Вячорка, Аляксей Кавалец, Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька. Прадстаўнікі Нацыянальнага сходу Беларусі ў Брусэль не запрошаныя.
“Для нас вельмі важна, што будзе створана новая інстытуцыя, якую называюць “Эўрагняздо”. Гэта міжпарлямэнцкая асамблея, якая будзе працаваць на сталай аснове. У яе працу будуць інтэграваны парлямэнты пяці краінаў і прадстаўнікі аб’яднаных дэмсілаў Беларусі да таго часу пакуль у нас ня будзе сапраўднага парлямэнту”, - паведаміў ” па тэлефоне з Брусэлю лідэр АГП Анатоль Лябедзька.
Сёньня мяркуюць прыняць выніковую рэзалюцыі канфэрэнцыі. У праекце гэтага дакумэнту ёсьць асобны артыкул, які тычыцца непасрэдна Беларусі. А пасьля завяршэньня канфэрэнцыі беларускую дэлегацыю прыме кіраўнік Эўрапарлямэнту спадар Пэтэрынг.