Фільмам “Ты, жывы!” сёньня ў менскім кінатэатры “Цэнтральны” распачаўся фэстываль швэдзкага кіно.
Імпрэза адбываецца ў рамках Дзён культуры Швэцыі ў Беларусі і працягнецца ад 4 да 13 чэрвеня.
Чарга перад касамі “Цэнтральнага” кінатэатру зьнікла за 30 хвілін да пачатку сэансу разам з квіткамі на першы зь фільмаў у шэрагу кінастужак Фэстывалю швэдзкага кіно. Засталіся асабліва ўпартыя, запытваючыся лішні квіток.
“Прачытаў інфармацыю пра фэстываль сёньня раніцай у мэтро, калі ехаў на працу, – і вырашыў сюды прыйсьці».
А калі прыйшоў, вольных месцаў у кіназалі “Цэнтральнага” не было...
Сёньняшні фільм “Ты жывы” рэжысэра Роя Андэрсэна – найлепшы фільм у Швэцыі ў 2007 годзе, атрымаў 3 прэміі конкурсу “Залаты жук” у розных намінацыях.
Шчасьлівых уладальнікаў квіткоў я запыталася пра чаканьні ад фільма і фэстывалю наагул:
“Мне вельмі даспадобы скандынаўскае кіно, некаторых рэжысэраў глядзеў усе фільмы запар, але з творчасьцю аўтара сёньняшняй кінастужкі незнаёмы, на жаль. Але прачытаў анатацыі да кінастужак, сюжэт вельмі зацікавіў”.
Галоўная ідэя фільма “Ты, жывы!” у тым, што найбольшым захапленьнем чалавека ў жыцьці ёсьць іншы чалавек. Чалавек як істота сацыяльная, – пішуць у анатацыях да фільму, – у вялікай ступені залежыць ад іншых людзей. Але людзі ня толькі цешаць, але й засмучаюць адзін аднаго. І ўсё ж іншы чалавек пастаянна зьяўляецца прадметам нашае цікавасьці.
Кіраўнік дыпляматычнага прадстаўніцтва Швэцыі Стэфан Эрыксан кажа, што такія культурніцкія імпрэзы як Дні швэдзкай культуры падвышаюць цікавасьць беларусаў да Швэцыі.
“Ёсьць, натуральна, мастацкая роля ў гэтым усім. Але, я так разумею, што галоўнае ўсё ж, што дае менавіта кіно – гэта большае ўзаемаразуменьне. І, на мой досьвед, падабаецца швэдзкае кіно ў Беларусі. Ёсьць нешта агульнае, і менавіта яно ўзмацняецца на гэткіх фэстывалях”.