Амбасада Ізраілю ў Беларусі сёньня пацьвердзіла сваю прапанову кардынальна спрасьціць сытуацыю і на двухбаковай аснове зрабіць візы бясплатнымі.
“Мы са зьдзіўленьнем пачулі ад начальніка Консульскай управы МЗС Беларусі спадара Андрэя Гіро падчас онлайн-канфэрэнцыі зь БЕЛТА 29 траўня, што ізраільскі бок ня выказаў гатовасьці абдумваць беларускі праект пагадненьня аб выдачы бясплатных візаў шэрагу катэгорый грамадзянаў і не прапанаваў ніякага свайго варыянту пагадненьня”, — сказана ў інфармацыйным паведамленьні амбаcады Ізраілю. Амбасада яшчэ раз патлумачыла, што Ізраіль ня мае досьведу вызваленьня ад платы за візу паводле ўзроставых крытэрыяў. Але галоўнае — Ізраіль зноў паўтарае сваю прапанову спрасьціць сытуацыю кардынальна і зрабіць усе візы бясплатнымі.
“Я хацеў бы падкрэсьліць, што Ізраіль зацікаўлены ў аблягчэньні візавага рэжыму — і для беларускіх грамадзянаў, і, натуральна, дбаючы пра інтарэсы сваіх грамадзянаў”, — заявіў у інтэрвію Свабодзе амбасадар Дзяржавы Ізраіль у Беларусі Зэеў Бэн Ар’е. — Бо віза ў Беларусь ня надта танная. Я думаю, што гэтая прапанова, альбо любая іншая, якая можа нарадзіцца пры далейшых абмеркаваньнях, павінна пайсьці на дабро грамадзянаў абедзьвюх краінаў”.
Амбасадар нагадаў, што з Расеяй Ізраіль дасягнуў пагадненьня пра скасаваньне візаў увогуле, і прызнаў, што пакуль консульскія перамовы паміж краінамі вядуцца “павольна і з пэўным непаразуменьнем”.
“Было некалькі сустрэчаў, мы давалі пэўныя адказы. Потым беларускі бок на даволі доўгі пэрыяд як бы зьнік і зьявіўся практычна з той самай прапановай. І мы зноў давалі той самы адказ. Беларускі бок, як казаў спадар Гіро, лічыць, што мы ўвогуле не адказваем. Сапраўды, на жаль, існуе нейкае непаразуменьне — і мы сапраўды думаем, што яно можа быць ліквідавана шляхам кантактаў і консульскіх кансультацыяў непасрэдна паміж нашымі міністэрствамі замежных справаў”, — заявіў амбасадар.
Як патлумачылі нам у амбасадзе Ізраілю, ізраільская віза на любы тэрмін каштуе 17 даляраў. Візы ў Беларусь для ізраільскіх грамадзянаў каштуюць ад 60 даляраў (турыстычная) да 500 даляраў (шматразовая дзелавая) — паводле сайту беларускай амбасады ў Ізраілі.