Сёньня амбасада ЗША разам з кінатэатрам “Перамога” прэзэнтавалі фэстываль галівудзкай клясыкі.
Традыцыя правядзеньня фэстываляў амэрыканскага клясычнага кіно ў Беларусі бярэ пачатак зь ліпеня 2003 года. Сёлета фэстываль праводзіцца ўжо ў шосты раз.
Гэтым разам будуць дэманстравацца чатыры кінастужкі: “Лепшыя гады нашага жыцьця”, “12 разьюшаных мужчын”, “Вэстсайдзкая гісторыя” і “Душнай летняй ноччу”. Некаторыя зь іх у Беларусі пакажуць упершыню. Усе стужкі атрымалі шмат прэстыжных узнагародаў.
На ўрачыстай цырымоніі адкрыцьця фэстывалю амэрыканскага кіно часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур адзначыў, што адной з задач амбасады зьяўляецца распаўсюд у Беларусі інфармацыі аб амэрыканскай культуры:
“Клясыка кінэматографу, якую вы зможаце паглядзець цягам некалькіх дзён адкрывае вакно як у мастацтва кіно, так і ў саму Амэрыку. Але жыцьцё не заўсёды такое, якім яго паказваюць у фільмах. Але я спадзяюся, што вам спадабаецца пабачанае і вы зробіце свае ўласныя высновы”.
Дыплямат падараваў дырэктару кінатэатра “Перамога” Сьвятлане Саўчык шыкоўнае сувэнірнае выданьне – кнігу пра гісторыю Галівуду. Сьвятлана Саўчык нагадала, хто з ураджэнцаў Беларусі таксама зрабіў свой унёсак у амэрыканскі кінэматограф.
Бадай, самы славуты і самы вядомы – гэта саўладальнік магутнай галівудзкай кінакампаніі “Metro Golden Mayer”, кінамагнат Луіс Маер:
“Насамрэч гэтага хлопчыка ў двухгадовым узросьце бацькі прывезьлі ў Амэрыку. Таму цяпер у любой энцыкляпэдыі сьвету, дзе ёсьць імя Луіса Маера, напісана “нарадзіўся ў горадзе Менску”. У мястэчку Чавусы на Магілёўшчыне – беларускія карані супэрзоркі Галівуду Кірка Дугласа. Ягонае сапраўднае імя Ісуір Данілавіч Дэмскі”.
Самая вядомая роля Кірка Дугласа – Спартак у аднайменным фільме, што ўвайшоў у сотню лепшых фільмаў сьвету. Такім чынам, і сына Кірка Дугласа, Майкла Дугласа беларусы могуць лічыць сваім земляком. Актор Харысан Форд таксама мае беларускія карані: ягоная бабуля Ганна Ліўшыц у 1907 годзе зьехала зь Менску ў Нью-Ёрк, дзе выйшла замуж за Гары Мідэльмана, эмігранта зь Менску.
Фэстываль адкрыўся чорна-белай стужкай 1946 году “Лепшыя гады нашага жыцьця”. Фільм уганараваны прэміямі “Оскар” у сямі намінацыях, “Залатым глёбусам”, прэміяй Брытанскай кінаакадэміі. Сюжэт просты: трое амэрыканскіх жаўнераў вярнуліся з вайны. За той час, пакуль іх не было дома, шмат што зьмянілася, і ў першую чаргу, яны самі. Паступова героі ўсьведамляюць, што гады, праведзеныя на фронце, былі самымі лепшымі ў іх жыцьці.
4 чэрвеня менскія гледачы ўбачаць фільм 1957 года “12 разьюшаных мужчын” пра пуэртарыканскага падлетка, якога абвінавачваюць у забойстве бацькі. У чацьвер – вядомы мюзыкл “Вэстсайдзкая гісторыя”, у пятніцу – дэтэктыў “Душнай паўднёвай ноччу”.
Квіткі на шэдэўры ўсясьветнага кінэматографу можна атрымаць у касах кінатэатру “Перамога” за гадзіну да пачатку сэансу бясплатна.