Сёньня а 19-й гадзіне ў Курапацкім лесе мэмарыяльная сэкцыя Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў наладзіла акцыю памяці ахвяраў рэпрэсій.
Перад пачаткам акцыі адзін зь яе ўдзельнікаў Вячаслаў Сіўчык быў затрыманы міліцыяй.
Прадстаўнікі грамадзкасьці наведалі шэраг магілаў у Курапацкім лесе. На адным з крыжоў была ўсталяваная ўжо пятая мэмарыяльная шыльда. Яна сьведчыць пра тое, што пад час эксгумацыі, якую праводзіла дзяржаўная камісія 20 гадоў таму, тут былі знойдзены парэшткі 62 чалавек. Гісторык Ігар Кузьняцоў сказаў:
“Паводле археоляга, у зьвязку з тым, што тут праводзілася папярэдняя эксгумацыя да 1988 года, яны мяркуюць, што ў гэтым пахаваньні маглі знаходзіцца парэшткі 180 чалавек. Але мы ўсталявалі шыльду сыходзячы з таго, што рэальна было знойдзена ў ліпені 1988 года. Тут былі рэчы простага сялянскага быту”.
Мікола Крывальцэвіч згадаў, што пры эксгумацыі парэшткаў прысутнічалі таксама Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў.
“Той здымак, які часта паказваюць у кніжцы пра Курапаты быў з гэтай магілы. Чалавек, які крычыць, з раскінутымі рукамі – з гэтай магілы. Гэта першае, што ўбачылі тады, калі пачалі капаць 10 ці 11 ліпеня 1988 года”.
Затым удзельнікі акцыі наведалі іншыя магілы ў Курапацкім лесе, запальвалі каля іх зьнічы і клалі кветкі. Увесь час за ўдзельнікамі акцыі сачылі міліцыянты. Перад пачаткам акцыі, каля Крыжа пакутаў, быў затрыманы старшыня мэмарыяльнай сэкцыі Вячаслаў Сіўчык. Гэта здарылася пасьля таго, як міліцыянтам не ўдалося затрымаць Юрася Беленькага.
Вячаслава Сіўчыка трымаюць цяпер у ізалятары часовага ўтрыманьня Менскага раёну. Міліцыянты адмовіліся назваць, паводле якога артыкулу на палітыка склалі пратакол і ў чым яго гэтым разам абвінавацілі. Заўтра Сіўчыка прывязуць у суд Менскага раёну.
Камэнтуючы дзеяньні ўладаў, старшыня таварыства аховы помнікаў Алесь Астаповіч сказаў:
“Я любую праблему разглядаю ў комплексе. Поўная адсутнасьць элемэнтарнай маралі. Гэта гвалт над косткамі першай сусьветнай вайны, які адбыўся ў пятніцу. Рэгулярны гвалт, тое, што зьвязана са сталінскімі рэпрэсіямі.Цемрашальства, адсутнасьць элемэнтарнай культуры, элемэнтарнай маралі. І на ўсё гэта накладаецца ўсё астатняе. Я дагэтуль не разумею, нават лягічна не разумею затрыманьне Сіўчыка”.