Артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты — дарога сьмерці” быў надрукаваны дваццаць год таму ў газэце “Літаратура і мастацтва”.
Менавіта гэтае выданьне, чыім галоўным рэдактарам быў паэт Анатоль Вярцінскі, напрыканцы 1980-х гадоў, у пару гэтак званай перабудовы, было адным з самых сьмелых і рашучых у адстойваньні ідэяў нацыянальна-культурнага адраджэньня Беларусі.
Вячаслаў Ракіцкі: “Спадар Вярцінскі, якім чынам артыкул зьявіўся ў рэдакцыі? Аўтары нечакана прынесьлі яго, ці вы папярэдне абгаворвалі зь імі магчымасьць такой публікацыі?”
Анатоль Вярцінскі: “Зянон Пазьняк выступаў на старонках нашай газэты і зь іншымі артыкуламі. Але зьяўленьне яго і Яўгена Шмыгалёва ў рэдакцыі “Літаратура і мастацтва” з артыкулам “Курапаты — дарога сьмерці” папярэдне не абгаворвалася. Артыкул быў для мяне нечаканым”.
Ракіцкі: “А вы не баяліся друкаваць такі артыкул? І наколькі нечаканай асабіста для вас была інфармацыя пра Курапаты?”
Вярцінскі: “Наколькі я памятаю, асаблівага страху адносна таго, ці друкаваць артыкул, не было. Быў іншы страх — страх перад тымі фактамі, перад тым жудасным малюнкам, якія адкрывалі аўтары. Гэта не магло не прывесьці ў шок. Але ў мяне не было ніякіх сумневаў адносна публікацыі. Я разумеў, што гэта абавязкова трэба друкаваць, хаця ў той час мы хадзілі пад уладай ЦК КПБ. Але быў разгар перабудовы зь яе ўстаноўкамі на галоснасьць і дэмакратыю”.
Ракіцкі: “Але ж цэнзура існавала — Галоўліт. Як удалося абыйсьці і ЦК КПБ, і Галоўліт?”
Вярцінскі: “Дзякуй Богу, гэтым разам абышлося бязь іх умяшаньня. Падобна да таго, што ня толькі галоўны рэдактар газэты, але і яны не чакалі, што такі артыкул увогуле мог зьявіцца, што жахлівыя факты маглі стаць здабыткам друкаванага слова”.
Ракіцкі: “А як зьявіўся Васіль Быкаў у якасьці аўтара прадмовы да артыкула?”
Вярцінскі: “Мы параіліся зь Зянонам Пазьняком і прыйшлі да высновы, што каб адчуваць сябе больш упэўнена, калі раптам умяшаюцца Галоўліт або хтосьці з супрацоўнікаў ЦК, трэба падстрахавацца і заручыцца падтрымкай сапраўднага аўтарытэту. Мы і папрасілі Васіля Ўладзімеравіча Быкава напісаць прадмову. Ён на той час ужо быў ляўрэатам Ленінскай прэміі і Героем сацыялістычнай працы”.
Ракіцкі: “Такім чынам, для ўладаў артыкул стаў нечаканасьцю. Якая была ў іх рэакцыя, калі выйшла газэта? Зрабілі выгляд, што не заўважылі, ці зрабілі, як тады казалі, адпаведныя захады?”
Вярцінскі: “Выразна нэгатыўнай рэакцыі не было. Была рэакцыя іншага роду. На трэці ці чацьверты дзень пасьля зьяўленьня артыкула “Курапаты — дарога сьмерці” мне патэлефанаваў старшыня прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Георгій Станіслававіч Таразевіч і папрасіў адзін асобнік газэты для сябе асабіста”.
Ракіцкі: “Сёньня добра вядома, як паўплывала тая публікацыя на лёс Беларусі. Яна дала імпульс пачатку антыкамуністычнага змаганьня, змаганьня за дэмакратыю, нацыянальную дзяржаву. А як паўплывала публікацыя на далейшы лёс газэты “Літаратура і мастацтва”?”
Вярцінскі: “Артыкул меў вялікі розгалас. Газэта набывала папулярнасьць і аўтарытэт і ў Беларусі, і па-за яе межамі. Рэдакцыю наведвалі карэспандэнты з розных краінаў, нават зь Японіі. А мы працягвалі тэму Курапатаў. Пазьней надрукавалі яшчэ адзін артыкул Зянона Пазьняка “Шумяць над магіламі сосны”. За гэты артыкул нам ужо давялося пазмагацца, адстойваць правату аўтара. Мы былі вымушаныя палемізаваць зь некаторымі выданьнямі, якія ставілі пад сумнеў праўду гэтага артыкула. Некаторыя газэты, улучна з паважанымі “Известиями”, пісалі, а ці не пасьпяшаўся “ЛіМ” з гэтай публікацыяй, а мо варта было пачакаць вынікаў расьсьледаваньня дзяржаўнай камісіі, якая была створана. Іншыя выданьні праяўлялі асьцярожнасьць, а то і сталінісцкія падыходы да гэтай тэмы. А калі мець на ўвазе іншыя публікацыі, зьвязаныя са станам беларускай мовы, з правамі чалавека, натуральна, газэта “Літаратура і мастацтва” адыгрывала значную ролю ў гэтак званай перабудове, у справе нацыянальнага, культурнага і гістарычнага адраджэньня краіны”.