Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня пісьменьніца Cьвятлана Алексіевіч паставіла пытаньне: на што ў душы беларуса абапіраецца дыктатура?
Вось што думае наконт гэтага Тацяна Процька, былая старшыня Хэльсынскага камітэту Беларусі, якая нядаўна была нашым грамадзкім рэдактарам.
Процька: “Па-першае, гэта нежаданьне несьці адказнасьць за свой лёс, лёс сваёй дзяржавы, лёс тых людзей, што побач. Вельмі зручна, калі за ўсё адказвае ці Сталін, ці Лукашэнка, ці хто іншы — а ня ты.
Пры дыктатуры раней ці пазьней звон будзе званіць па кожным
Па-другое, дыктатура часам дае магчымасьць людзям знайсьці сваю нішу. Вось як у нас зараз? Усім падаецца, што яны гэтую нішу знайшлі і неяк могуць жыць. І людзі не разумеюць, што пры дыктатуры раней ці пазьней звон будзе званіць па кожным зь іх. Як з дырэктарамі буйных заводаў, гэтак і з кожным простым чалавекам — раней ці пазьней.
Але гэтае жаданьне адцягнуць такі момант, угаварыць самога сябе, што гэты звон будзе званіць не па мне... Гэткая дзіцячая рыса — верыць у тое, што ты адзіны ў сьвеце недатыкальны, а ўсё благое — гэта пра іншых, а не пра цябе”.