На што ў душы беларуса апіраецца дыктатура? Свае меркаваньні на гэтую тэму выказваюуь гарадзенцы.
Спадар: “Якую апору знайшла? Гэта ўсё, відаць, яшчэ спрадвеку ідзе, бо беларусы ў такім геапалітычным становішчы знаходзіліся, таму для іх абы ціха было, мая хата з краю, абы войнаў не было. І відаць, гэта выкарыстоўваецца сёньняшнімі нашымі ўладамі. Але ня ўсе такія, канечне, беларусы, хаця ў большасьці, пэўна, такія. Гэта выкарыстоўваецца, на гэтым будуюцца пляны — эканамічныя і палітычныя, у першую чаргу”.
Улада знайшла тое, што патрабавалася народу
Іншы спадар: “Улада знайшла тое, што патрабавалася народу. Апазыцыя не магла прапанаваць тую палітыку, якая б адпавядала інтарэсам народу. А патрэбна было тое, каб не разрываліся адносіны з Расеяй. Мы хочам жыць так, як мы хочам, і вучыцеляў, якія б нас вучылі, як жыць, нам ня трэба”.
Спадар: “Ды ўсе папросту зашуганыя…”
Малады спадар: “Раней ціснулі прапагандай сьляпой, усоўвалі людзям сваё меркаваньне. Цяпер крыху зьмянілася: улады скемілі, што гэта можна выкарыстоўваць, і яны нібы граюць на пачуцьці гонару — вы бачыце, як у нас добра, як мы працуем? Шчыра кажучы, я ня думаю, што гэта толькі заслуга ўлады, гэта заслуга ўсіх нас як нацыі”.
Студэнт: “У асноўным электарат нашай паважанай улады — гэта сельскія людзі, якія ў большай сваёй частцы апроч зямлі нічога ня бачылі. Людзі лічаць, раз “вумны-разумны” чалавек нешта кажа, значыцца, кажа добра…”
Талерантнасьць нашага народу, мы ўсе церпім
Маладая маці: “Талерантнасьць нашага народу, мы ўсе церпім: як было, так і будзе, ніхто ў нас супроць улады ня пойдзе. Ну што, добрыя людзі беларусы, хто ў нас што супроць яго скажа? Заўсёды такія былі”.
Малады спадар: “Абыякавасьць да асабістага лёсу, абыякавасьць да жыцьця, да навакольнага сьвету, абыякавасьць да ўсяго, толькі ператрываць, нейк выжыць, чыста напхаць страўнік…”